Ліставанне з Міколам Статкевічам ізноў ускладнілася
“Тут сталі ствараць праблемы з чытаннем. Па-першае, газеты прыносяць толькі пасля напамінаў і са спазненнем. Па-другое, бібліятэкар прыносіць толькі тыя кніжкі, якія ён мне ўжо прыносіў. Некаторыя — па некалькі разоў. Не ведаю што гэта. Ці то хочуць, каб адзіночка болей адчувалася. Ці звычайнае раздалбайства. Маўчаў бы, але і за лісты «ўзяліся»…”
Пра гэта паведаміў у лісце да жонкі палітзняволены, кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, Мікалай Статкевіч.
Каментуе Марына Адамовіч:
Ізноў, на жаль, аднавілася практыка канфіскацыі лістоў, якія «не прайшлі цэнзуру». Пра гэта Мікалай паведаміў у апошнім атрыманым лісце. Папярэдні яго ліст да мяне так і не дайшоў. Прычым, паведамляюць аб знішчэнні ліста Мікалаю напрыканцы максімальнага тэрміну для цэнзуры, вось і атрымліваюцца перапынкі ў ліставанні.
Ён паведаміў, што, як заўжды, не ведае прычын канфіскацыі, бо з «сакрэтнай» інфармацыі ў адным з канфіскаваных лістоў пісаў толькі пра тое, што «памеры прагулачнага дворыка 5 х 7 крокаў, а адлегласць ад маёй камеры да яго — 35 крокаў. Ну, пра тое, што водзяць мяне туды ў суправаджэнні дзьвух сабак, вядома даўно».
— І сапраўды, Мікола пісаў раней, што на прагулку яго «суправаджаюць» два сабакі. Мяркую, гэта звычайная турэмная практыка для «схільных да ўцёкаў і нападу», якім Міколу прызналі турэмшчыкі, і дзяржаўным сакрэтам не з\’яўляецца, — кажа Марына Адамовіч.
— У іншым лісце Мікалай Статкевіч напісаў, што «існуе вялікая верагоднасць вяртання Марціна Шульца на пасаду старшыні Еўрапарламента.» Гэты ліст таксама канфіскавалі. Мо вырашылі, што ў Мікалая ёсць нейкія патаемныя каналы сувязі з Еўрапарламентам, па якім ён атрымлівае інсайдарскую інфармацыю?
Што да мяне, то я рада, што і праз тры з паловай гады поўнай ізаляцыі Мікалай Статкевіч добра арыентуецца ў варунках міжнароднай палітыкі, — зазначыла жонка палітыка.
На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ў каментары да гэтай навіны Марына Адамовіч напісала: «Ад сябе дабаўлю — спачатку Мікола амаль дзевяць месяцаў сядзеў у «перасыльнай» камеры з бетоннымі сценамі і падлогай, вільготнымі сценамі (аж пакуль тынкоўка не абвалілася), цяпер — у камеры з цёмна-сінімі сценамі — насуперак ПУР. Мабыць, таксама «спосаб уздзеяння»
Ад рэдакцыі: Згодна з п. 45 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў у Беларусі сцены камер у турмах, памяшканнях камернага тыпу (ПКТ) папраўчых устаноў і ШІЗА павінны быць атынкаваныя і пафарбаваныя ў белы (светлы) колер.