«Лукашэнка ўжо ня першы, а трэці дыктатар», — Бяляцкі

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі выступіў на форуме грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе з праграмнай прамовай, у якой заклікаў Эўразьвяз не падтрымліваць аўтарытарныя постсавецкія рэжымы. 

Другая канфэрэнцыя грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства», якая адкрылася сёньня напярэдадні Рыскага саміту, прысьвечаная праблеме пашырэньня правоў і магчымасьцяў недзяржаўнага сэктару ў краінах-партнэрах Эўразьвязу, бягучым выклікам і будучым сцэнарам.

Грузія, Малдова, Украіна зьдзейсьнілі гераічныя намаганьні

Выступаючы на форуме ад імя Беларусі і Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі згадаў пачатак ініцыятывы Эўразьвязу, калі ў якасьці партнэраў былі запрошаныя шэсьць краін-суседзяў на ўсходзе — Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна:

«Калі стваралася „Ўсходняе партнэрства“ Эўразьвязу, пяць краін былі на адным узроўні ў пляне разьвіцьця дэмакратыі, а Беларусь была такім прычапным вагонам, зь якім ня ведалі, што рабіць. Тры краіны зьдзейсьнілі гераічныя намаганьні, каб увайсьці ў эўрапейскае грамадзтва, наблізіцца да яго. Яны прайшлі празь людзкія страты, вялікія пакуты. Зразумела, што гэтыя краіны павінны атрымаць ясны і выразны сыгнал ад ЭЗ пра тое, што яны маюць эўрапейскую пэрспэктыву, таму што яны плацяць за гэта вельмі вялікую цану».

Алесь Бяляцкі выказаў спадзеў, што былыя савецкія рэспублікі, цяперашнія сябры ЭЗ, «нашы калегі па турме народаў» лепш разумеюць сытуацыю, у якой знаходзяцца Беларусь і іншыя краіны-партнэры, і «маральна абавязаныя дапамагчы гэтым тром краінам, якія на сёньняшні дзень праяўляюць жаданьне ўвайсьці ў сям’ю эўрапейскіх народаў».

Паводле Алеся Бяляцкага, у незразумелым стане знаходзіцца Армэнія, якая хоча сябраваць з усімі:

«Але так не бывае. Зразумела, што рана ці позна давядзецца рабіць выбар. І роля грамадзянскай супольнасьці ў вызначэньні гэтага выбару ў Армэніі вельмі вялікая».

Трагічныя падзеі ў Азэрбайджане

Паводле Алеся Бяляцкага, вельмі пагоршылася сытуацыя ў Азэрбайджане за апошнія 2–3 гады.

Апошні дыктатар Эўропы Аляксандар Лукашэнка ўжо аддаў гэтыя ляўры іншым. Цяпер ён трэці дыктатар.

«Апошні дыктатар Эўропы Аляксандар Лукашэнка ўжо аддаў гэтыя ляўры іншым. Цяпер ён трэці дыктатар. Ільхам Аліеў ужо дзесьці абагнаў яго. Больш за 100 палітычных зьняволеных у Азэрбайджане, разлад у грамадзянскай супольнасьці, перасьлед СМІ кажуць пра тое, што цяпер там адбываюцца проста трагічныя падзеі, грамадзянская супольнасьць зьнішчаецца і на нашых вачах, і на вачах Эўропы. У той жа час Ільхам Аліеў, напэўна, будзе заўтра ў будынку бібліятэкі ў Латвіі», — заявіў Бяляцкі.

Паводле яго, патрэбныя выразныя крытэры для краін з аўтарытарнымі рэжымамі, якія ўваходзяць ва «Ўсходняе партнэрства».

«Гэта тычыцца і Беларусі. Нельга даваць нейкіх прывілеяў і паляпшэньня адносін краінам, у якіх сытуацыя не зьмяняецца. Або нават, з правамі чалавека, пагаршаецца».

Грамадзянская супольнасьць як лякаматыў эўраінтэграцыі

Паводле Алеся Бяляцкага, выразны саюзьнік Эўразьвязу ў дзяржавах партнэрства — грамадзянская супольнасьць:

«Таму што грамадзянская супольнасьць — актыўная праэўрапейская частка нашых народаў, лякаматыў, які цягне нашы краіны ў эўрапейскую супольнасьць. „Усходняе партнэрства“ не павінна ператварыцца ў мэханізм падтрымкі аўтарытарных рэжымаў. Яно павінна быць інструмэнтам абароны эўрапейскіх каштоўнасьцяў».

Што тычыцца Беларусі і Азэрбайджану, то, паводле Бяляцкага, стаўленьне ўладаў да грамадзянскай супольнасьці — добры маркер:

Калі ў турме знаходзяцца палітвязьні, калі абмежаваная прэса і заціскаецца інтэрнэт, перасьледуюцца грамадзянскія актывісты і няўрадавыя арганізацыі, не праводзяцца свабодныя выбары, як у Беларусі і Азэрбайджане

«Калі ў турме знаходзяцца палітвязьні, калі абмежаваная прэса і заціскаецца інтэрнэт, перасьледуюцца грамадзянскія актывісты і няўрадавыя арганізацыі, не праводзяцца свабодныя выбары, як у Беларусі і Азэрбайджане, то трэба рабіць ясныя і зразумелыя высновы — трэба дамагацца пазытыўных зьменаў у нашых краінах не праз паддобрываньне да аўтарытарных уладаў, не праз фінансаваньне, якое ўмацоўвае гэтыя рэжымы, а праз падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ. Салідарнасьць паміж грамадзянскімі супольнасьцямі нашых краінаў — гэта тая зарука, якая ўсяляе нейкі аптымізм».

Расейская прапаганда як гвалт і парнаграфія

Паводле Алеся Бяляцкага, незалежнасьць краін зьвязаная з тымі саюзамі, якія будуюць урады:

«Калі Беларусь цяпер, дзякуючы Аляксандру Лукашэнку, знаходзіцца ў розных геапалітычных, эканамічных і вайсковых саюзах з Расеяй, то я думаю, што першы, хто здасьць незалежнасьць Беларусі, то гэта якраз гэты ўрад, які цяпер знаходзіцца ва ўладзе. Яшчэ адно пытаньне — пытаньне інфармацыйнага нападу. Калі хоць трошкі паглядзець расейскае тэлебачаньне, то можна зьехаць з глузду. Калі я ў мінулым годзе глядзеў яго ў калёніі, пасьля тыдня прагляду пачынаеш думаць: што гэта такое і дзе я знаходжуся? Гэта чыстая гебэльсаўская прапаганда, і яе трэба спыняць. У Латвіі гэта можна зрабіць заканадаўчым шляхам. Гэта рабіць трэба. Як нельга рэклямаваць гвалт і парнаграфію, таксама нельга рэклямаваць і такую прапаганду».

Валер Каліноўскі, Радыё Свабода