Актуальна

Лукашэнка накіраваў у «палатку» законапраект аб амністыі

Кіраўнік накіраваў у «парламент» праект закона аб амністыі, якая прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«Дакумент падрыхтаваны па ініцыятыве Лукашэнкі. Мэтай распрацоўкі гэтага законапраекта з\’яўляецца забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці пры выкананні крымінальных санкцый шляхам прымянення да асуджаных, якія даказалі сваё выпраўленне, амністыі як вышэйшай праявы гуманізму з боку дзяржавы», – паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у яго прэс-службе.

Паводле яе інфармацыі, з улікам папярэдняга вопыту правядзення амністый у краіне праектам закона прадугледжанае вызваленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання катэгорый асоб, якія ў найбольшай ступені заслугоўваюць ласкі. «Гэта, у прыватнасці, непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, асобы пенсійнага ўзросту, інваліды, ветэраны баявых дзеянняў, грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», – адзначылі ў прэс-службе, удакладніўшы, што амністыі будуць падлягаць тыя з названых асоб, якія здзейснілі злачынствы, якія не адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. «Асобныя катэгорыі асуджаных, якія не падлягаюць вызваленню ад адбыцця пакарання цалкам, згодна з праектам закона вызваляюцца ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год», – працягнулі ў прэс-службе.

Там звярнулі ўвагу, што амністыя не будзе распаўсюджвацца на асоб, якія ўчынілі найбольш цяжкія злачынныя дзеі, такія як наўмыснае забойства, згвалтаванне, гандаль людзьмі, стварэнне злачыннай арганізацыі, бандытызм, тэрарызм, а таксама на тых, якія не выканалі прадугледжаныя праектам закона ўмовы для вызвалення ад крымінальнай адказнасці і пакарання.

«Па папярэдніх разліках міністэрства ўнутраных спраў, пры рэалізацыі закона мяркуецца цалкам вызваліць ад пакарання каля 2730 чалавек і скараціць тэрмін адбыцця пакарання на адзін год у дачыненні да прыкладна 5500 чалавек», – паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Нагадаем, у канцы сакавіка Лукашэнка заявіў, што не збіраецца вызваляць беларускіх палітвязняў без просьбы аб памілаванні. У прыватнасці, ён адзначыў, што палітвязням не дапамогуць выйсці на свабоду ні ЧС па хакеі, ні амністыя.