Мікалай Статкевіч пра перспектывы нашай незалежнасці
3,5 гады зняволення не зменьшылі цікавасць кандыдата на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, палітвязня Мікалая Статкевіча да падзей ў краіне і за яе межамі.
Засталося крыху больш за год да наступнай прэзідэнцкай кампаніі. Як бачна з прэсы, да сённяшняга дня апазіцыя так і не вызначылася нават з фарматам удзелу ці няўдзелу ў ёй. Вось што піша з гэтай нагоды Мікалай Статкевіч:
“Мінулую прэзідэнцкую кампанію нельга лічыць завершанай, пакуль я тут. Так што, я яе проста працягваю…
Як будуць выглядаць у вачах думаючых людзей і ўсяго свету ўдзельнікі наступнай кампаніі, калі падчас яе ў турме будзе знаходзіцца кандыдат у прэзідэнты з папярэдняй кампаніі? Які, да таго ж, нічога благога не здзейсніў. Здаецца, што будучы “элегантны пераможца” гэта ўжо зразумеў. Таму з кожным разам прапануе мне (часта – сціпла не ўзгадваючы маё прозвішча) ўсё болей гарантый вызвалення ў выпадку, калі я “папрашуся”.
А вось апазіцыйныя прэтэндэнты, якія мараць рэалізаваць схему “бурлівая агітацыйная кампанія – лагодная акцыя пратэсту – адзіны прызнаны лідар апазіцыі”, гэтага раскладу яшчэ не зразумелі. Дарэмна, бо замест “прызнанага лідара” можна заслужыць статус “палітычнага блазна”.
Нагадаем, што сёння Мікалай Статкевіч – адзіны з удзельнікаў мінулай прэзідэнцкай кампаніі, які дагэтуль, ужо больш за 3 гады, ці 1200 дзён, знаходзіцца за кратамі. І не проста за кратамі, а больш за 2 гады ўжо правёў ў турме.
Падзеі ва Украіне прымушаюць зараз думаючых людзей ацэньваць верагоднасць падобнага сцэнару для нашай краіны і шукаць спосабы супрацьстаяння “збіральнікам рускіх земляў”:
“Украінскія падзеі прымушаюць звярнуць пільную ўвагу на перспектывы моўнага пытання ў нашай краіне. Бо, чаму доказаў ужо не патрабуецца, амаль татальная адсутнасць беларускай мовы ў публічным жыцці пагражае самаму існаванню незалежнай беларускай дзяржавы.
Першым вялікім крокам у бок выпраўлення сітуацыі сталася б рэалізацыя запісанага ў дзеючай канстытуцыі прынцыпа дзяржаўнасці двух моў. У сусветнай практыцы гэта значыць, што грамадзянін мае права кантактаваць з дзяржаўнымі органамі на любой з дзяржаўных моў. Для гэтага чыноўнікі, што прадстаўляюць дзяржаву, павінны валодаць абедзьвумя дзяржаўнымі мовамі і падцвердзіць гэта здачай адпаведнага тэста. Такі тэст можа быць сумешчаным і складвацца з перакладу рускамоўнага тэкста на беларускую мову і беларускамоўнага – на рускую.
Пытанне далікатнае і патрабуе для яго вырашэння шмат часу. Але ўжо неўзабаве здачу моўнага тэста можна было б зрабіць умовай рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты і ў дэпутаты парламента. Гэта беларусізавала б палітэліты”.
¤¤¤
“Зараз па TV назіраю расійскую інфармацыйную вайну супраць Украіны. Адхапалі кавалак тэрыторыі іншай дзяржавы, ды ніяк не адчэпяцца. Але такія рэчы могуць і бокам выйсці. Бо нават і ў нас, як чуў па TV, ужо начальнік загаварыў пра войска, пра свае самалёты, каб не было, “як ва Украіне”.
Як кажуць, не прайшло і дваццаці год, як усё стала зразумела. Хаця пра тое, што ваенная пагроза мажлівая толькі з боку Расіі, было відавочна ад пачатку 90-х мінулага стагоддзя. Бо багатыя і вольныя дзяржавы чужых земляў не далучаюць. Нават амерыканцы, якіх я публічна крытыкаваў за Сербію і Ірак, новых штатаў ствараць не збіраюцца. А вось ад бедных і недэмакратычных краінаў можна чакаць любых сюрпрызаў.
Калі ж казаць пра самалёты, то накірунак думак тут правільны, хаця самалётаў Беларусь не пацягне. Пачынаць жа трэба з вайсковых сродкаў радыёсувязі, каб “саюзнікі” не здолелі іх падслухоўваць і падаўляць памехамі. Далей, патрэбна прадугледжваць магчымасць падаўлення “саюзнымі” памехамі беларускіх радараў, у тым ліку, і самалётных. А вось кааперацыя з украінскім ВПК – ідэя добрая. Здаецца, былі ж праекты сумесных з украінцамі ЗРК малой дальнасці.“
¤¤¤
“Безумоўна, украінскія падзеі хвалююць не толькі таму, што гэта штодзённая тэма №1 расійскіх TV навінаў.
Міжволі транслюеш усё гэта на нашу сітуацыю. У нас праблема расійскага шавінізма не такая бачная, бо ён доўгі час суцішваўся інтэграцыйнай рыторыкай. З-за яе (рыторыкі) носьбіты такіх поглядаў больш ахвотна ішлі на дзяржаўную службу., у сілавыя структуры і афіцыйныя СМІ. зараз яны расчараваныя “інтэграцаяй” і ў эйфарыі ад “крымскіх” метадаў “збірання земляў рускіх”. пры канфлікце з Масквой усё гэта будзе сур\’ёзнай унутранай пагрозай нашай незалежнасці. Ужо не кажучы пра поўную маральную і псіхалагічную непрыдатнасць беларускага войска супрацьстаяць ваеннай пагрозе з Усходу. як быццам яшчэ аднекуль такая пагроза зараз існуе.”