Навіны

Лукашэнка: “Я хачу, каб Украіна засталася адзіная”

Кіраўнік Беларусі назваў расейскі праект федэралізацыі Украіны разбуральным і заявіў, што прызнае легітымнасць дзейснай украінскай улады.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю праграме «Сегодня» расейскага тэлеканалу НТВ, каментуючы выказванні аб тым, што перадухіліць раскол Украіны магла б федэралізацыя краіны.

«Катэгарычна супраць», – заявіў Лукашэнка, паведамляе «Pravda.com.ua» са спасылкаю на «Інтерфакс».

«Штурхаць Украіну да федэралізацыі цяпер, гэта вельмі небяспечна. Небяспечна для ўсіх: і Беларусі, і Расеі, і Захаду. Калі вы хочаце захаваць Украіну адзінаю дзяржаваю, а я хачу, то не трэба праводзіць федэралізацыі. Гэта заўтрашні раскол Украіны, гэта разбурыць дзяржаву», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Разам з тым Лукашэнка заявіў, што лічыць легітымным прызначэнне Аляксандра Турчынава выканальнікам абавязкаў прэзідэнта Украіны, паведамляе «Pravda.com.ua», спасылаючыся на ИТАР-ТАСС.

«Паводле іхнай канстытуцыі, калі няма прэзідэнта, то ягоныя абавязкі выконвае кіраўнік Вярхоўнай Рады. Гэтак і адбылося. Я лічу, што ў іхнай у краіне прэзідэнта няма, але ў сілу артыкулу Канстытуцыі прэзідэнта мусіць замяшчаць Турчынаў. Так што для мяне ён абсалютна легітымны і Вярхоўная Рада абсалютна легітымная», – заявіў Лукашэнка.

ЮВ паводле pravda.com.ua