Лябедзька агітаваў за сябе каля прахадной МТЗ (+ відэа)

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прэзэнтаваў праграму «Мільён працоўных месцаў» каля прахадной Менскага трактарнага заводу.

Ён прыйшоў сюды з аднапартыйцамі, якія раздавалі праграмныя дакумэнты АГП, газэту «Народная Воля» і праграму «Мільён працоўных месцаў», якая мае стаць часткай перадвыбарчай праграмы Анатоля Лябедзькі. Палітык таксама заклікаў падтрымаць ягоную кандыдатуру на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Перад тым як партыйны лідэр зьявіўся перад прахадной МТЗ, супрацоўнікі міліцыі выдалілі шматлікіх гандляроў, якія расклалі пабытовыя тавары ўздоўж ходнікаў ад мэтро да заводу. Неўзабаве там зьявіўся мікрааўтобус, адкуль здымалі на відэа ўсё, што адбывалася вакол. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным цікавалі з-за дрэваў і кустоў.

Перад тым як зьвярнуцца да трактаразаводцаў, Анатоль Лябедзька зладзіў на вуліцы прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў незалежных мэдыяў. Разам зь Львом Марголіным ён патлумачыў зьмест і сутнасьць праграмы «Мільён працоўных месцаў», адказаў на пытаньні пра сваю праграму і пра будучы ўдзел у выбарчай кампаніі. Прысутную журналістку аднаго зь дзяржаўных тэлеканалаў перадусім цікавіла, ці прасіў Анатоль Лябедзька дазволу на правядзеньне вулічнай прэсавай канфэрэнцыі.

Чаму палітыкі прыйшлі менавіта на заводзкую прахадную, Анатоль Лябедзька патлумачыў так:

«Праграму „Мільён працоўных месцаў“ лягічна прэзэнтаваць на адной з прахадных. Мы максымальна прывязваем праграму да нашай рэчаіснасьці. Мы ўпершыню праводзім такую вулічную прэсавую канфэрэнцыю, і месца яе правядзеньня мае вялікі сэнс. Мы робім стаўку на дзьве вялікія групы — на індывідуальных прадпрымальнікаў і працоўных прадпрыемстваў, якіх найперш закрануў фінансава-эканамічны крызіс».

Неўзабаве з прахадной выйшла багата працоўных — скончылася дзённая зьмена. Анатоль Лябедзька праз мэгафон зьвярнуўся да трактаразаводцаў з заклікам падтрымаць ягоны ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і прэзэнтаваную праграму. Ён таксама прасіў людзей браць з сабою пашпарты, каб падпісацца за ягоную кандыдатуру.

Як паведаміў Анатоль Лябедзька, у першы дзень збору подпісаў за кандыдатаў на прэзыдэнта ён прыйдзе па подпісы таксама на прахадную МТЗ.

Галіна Абакунчык, Радыё Свабода