Маці асуджанага ў РФ беларуса Кірылы Сілівончыка наведала сына ў калоніі

У калоніі, якая знаходзіцца ў пасёлку Сухабезводнае за сто кіламетраў ад Ніжняга Ноўгарада, Наталля Сілівончык і сяброўка Кірыла знаходзіліся больш за суткі.

Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Жанчына кажа, што пасля гэтай паездкі ў яе трохі адлягло на сэрцы: «Я думала, што горш будзе: убачу шкілет, абцягнуты скурай. Не, выглядае нармальна, загарэлы такі. А твар ён жа быў такім худым».

Наталля Сілівончык паведаміла, што сын не скардзіўся на які-небудзь прыгнёт ці жорсткасць нават калі яны заставаліся сам-насам. Адмоўчваўся на такія роспыты:

«Шчыра кажу, шмат ён не казаў на гэтую тэму, усё больш адмоўчваўся. Асабліва і расказваць не хацеў. А што дысцыпліна там ёсць, я пра гэта ведаю. Але добра, што боек там няма, гвалту. Для мяне гэта галоўнае, што няма гэтага бязмежжа. Там ёсць турма, ПК-14, а пры ёй калонія-пасяленне. Яны адасобленыя».

Маці расказала, што заходзіла ў сталовую, дзе сілкуюцца зняволеныя. На абед давалі боршч, кашу, чатыры кавалачкі хлеба і кампот. Пасяленцы, якія маюць працу, зарабляюць грошы, могуць самі гатаваць на спецыяльна абсталяванай кухні, карыстаючыся крамай – іх водзяць пад наглядам па пакупкі.

Кірыл не працуе, а толькі прыбірае тэрыторыю і ходзіць з іншымі пасяленцамі на плантацыі бульбы. Таму харчаванне ў яго пераважна казённае. Грошы, дасланыя маці тры тыдні таму, да Кірылы яшчэ не дайшлі.

Наталлю Сілівончык здзівіла, што ў пасёлку, заснаваным у сумна вядомыя 30-я гады як папраўча-працоўны лагер для разгортвання лесанарыхтовак, маюцца беларускія прадукты:

«У крамах ёсць наша малако, ёсць беларуская згушчонка. Карацей, май грошы – і купляй усё. А мы цягнулі ўсё гэта з Беларусі».

Але найбольшае здзіўленне ў Наталлі Сілівончык выклікала кіраўніцтва калоніі, якое там апошні час мянялі даволі часта:

«Начальнік, дарэчы, наш гамяльчук Адамовіч. З самага горада. Па маладосці з\’ехаў, ажаніўся з расейкай і там жыве. Пагутарылі. Пытаўся, якія мае ўражанні пра Кірыла, калонію. Ну што, кажу, чыста, відаць, што рукі прыклалі. Распавядаў сам, што калі прывезлі Кірыла, то яму далажылі: прывезлі тэрарыста. Ён ўжо настроіўся: ну, «качок», вярзіла будзе. Выходзіць, стаіць Кірыл: «Бог ты мой, і гэта тэрарыст?»

Маці Сілівончыка шкадуе, што не разабралася з сынам як след у абвінавачаннях, не наняла добрых адвакатаў.

Ні сын, ні маці не збіраюцца хадайнічаць аб пераводзе Кірылы для адбыцця пакарання ў Беларусь. Гэтак жа, як і дамагацца перагляду крымінальнай справы ў Расеі:

«Мы абмеркавалі ўсе гэта і мяркуем, што гэта вялікая цяганіна. Гэта зноў трэба будзе вяртацца ў СІЗА. Не ведаю, і ў нас, і ў іх – гэта бюракратыя. Не мае сэнсу».

Беларус Кірыл Сілівончык, які працаваў сістэмным адміністратарам ў Ніжнім Ноўгарадзе, быў асуджаны 9 красавіка выязным пасяджэннем Маскоўскага акруговага вайсковага суду на два гады калоніі-пасялення. Яго прызналі вінаватым у публічных закліках да тэрарыстычнай дзейнасці. Сам Сілівончык праз адваката паведаміў, што запіс у сацыяльнай сетцы «Вконтакте», які фігураваў у справе, быў толькі перадрукам паведамлення.