Майра Мора: Праблема палітзняволеных застаецца самай галоўнай перашкодай для пашырэння супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю
Праблема палітзняволеных застаецца самай галоўнай перашкодай для пашырэння супрацоўніцтва Еўрасаюза з Беларуссю, заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора, адказваючы на пытанні журналістаў 10 сакавіка ў Мінску.
На пытанне БелаПАН, ці можа ў хуткім часе гэтая праблема вырашыцца, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС адказала: «Гэта пытанне да беларускага боку».
Разам з тым Мора звярнула ўвагу на «добры ўзровень тэхнічнага супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю». «Але ён можа быць і лепшым, як у межах двухбаковых праграм, так і ў межах Усходняга партнёрства. Я буду спадзявацца на больш актыўны ўдзел Беларусі», — сказала яна.
Некалькімі гадзінамі раней, выступаючы падчас дыскусіі на тэму «ЕС — Беларусь: погляд у мінулае і будучыню», арганізаванай прадстаўніцтвам ЕС у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры, начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Дзяніс Сідарэнка заявіў, што Беларусь шчыра зацікаўлена ў развіцці нармальных адносінаў з ЕС на аснове раўнапраўя, павагі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго.
Паводле яго слоў, «у сілу шэрагу акалічнасцяў» патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і ЕС «выкарыстоўваецца не ў поўнай меры». У прыватнасці, ён мяркуе, ёсць недахоп юрыдычнай базы. Так, напрыклад, не набыло моц пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЕС, падпісанае яшчэ ў 1996 годзе.
«Але нягледзячы на няпростыя адносіны, мы працягваем канструктыўны дыялог з ЕС па ўсім спектры пытанняў парадку дня, — падкрэсліў прадстаўнік МЗС. — Адным з найважнейшых кірункаў нашага прагматычнага ўзаемадзеяння з\’яўляецца тэхнічнае супрацоўніцтва, якое паспяхова развіваецца, — аб\’ёмы тэхнічнай дапамогі ад ЕС з моманту незалежнасці Беларусі вымяраюцца сотнямі мільёнаў еўра».