Навіны

Макей можа стаць уязным у Еўразвяз ужо ў панядзелак

Як паведаміў “Белсату” віцэ-старшыня Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч, рашэнне аб прыпыненні візавых абмежаванняў супраць міністра замежных справаў Беларусі ўжо падрыхтаванае.

У панядзелак 24 чэрвеня рада міністраў Еўразвязу разгледзіць гэтае пытанне. Падрыхтоўка рашэння яшчэ не азначае яго аўтаматычнага прыняцця – дастаткова аднаго голасу супраць, аднак паводле віцэ-старшыні Еўрапейскага парламенту прыпыніць абмежаванні неабходна, каб бакі атрымалі магчымасць афіцыйна сустракацца, абмяркоўваць пытанні. Гэта таксама дазволіць афіцыйнаму беларускаму боку прысутнічаць на лістападаўскім саміце “Усходняга партнёрства” ў Вільні.

Праўда, раней Уладзімір Макей не скарыстаўся з падобных запрашэнняў і не з’явіўся на сустрэчу міністраў краінаў-удзельніц “Усходняга партнёрства” і “Вышаградскай групы” ў Кракаве. Замест міністра на сустрэчу выехала ягоная намесніца Алена Купчына. А афіцыйны Менск намякае, што на віленскі саміт няблага было б запрасіць Аляксандра Лукашэнку. 

У. Ш.belsat.eu