Макей: У адносінах з ЕС і ЗША Беларусь не павінна прывязвацца да канкрэтных падзей

Мінск, 29 чэрвеня. Беларусь не павінна прывязвацца ў развіцці адносінаў з ЕС і ЗША да нейкіх канкрэтных падзей. Такую заяву 29 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску зрабіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы на пытанне аб тым, як выбары паўплываюць на стасункі краіны з заходнімі партнёрамі.
 
“Мы не павінны імкнуцца да таго, каб ад гэтых падзей залежалі адносіны з нашымі партнёрамі. Самае галоўнае, каб была зацікаўленасць у развіцці адносінаў. У Беларусі яна ёсць”, — сказаў Макей на сустрэчы з журналістамі, арганізаванай паводле вынікаў дыскусіі кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства.
Ён таксама дадаў: “Мы рэалісты і цудоўна разумеем, што для ЕС выбары адыгрываюць важную ролю. Мы хочам, каб выбары прайшлі ў максімальна транспарэнтнай манеры”.

Макей нагадаў, што беларускі бок ужо аб\’явіў пра намер запрасіць міжнародных назіральнікаў. “Мы не збіраемся закрываць працэс падрыхтоўкі і правядзення выбараў, — сказаў кіраўнік беларускага МЗС. — Зробім усё, каб гэтыя падзеі ў Беларусі прайшлі на высокім узроўні і пазбеглі той цыклічнасці, якая заўсёды ўзнікала раней. Спадзяемся, што гэтая традыцыя застанецца ў мінулым і мы не перанясем яе ў будучыню”.

Нагадаем, еўракамісар па палітыцы суседства і перамовах па пашырэнні Ёханес Хан на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў сустрэчы заявіў журналістам, што Еўрасаюз чакае ад Беларусі правядзення адкрытых і сумленных выбараў і спадзяецца, што АБСЕ, Еўрапарламент і іншыя міжнародныя арганізацыі будуць назіраць за іх ходам. “Не магу прадказаць вынікі выбараў, але мы будзем глядзець, як выбары будуць праходзіць”, — сказаў Хан.

29 чэрвеня ў Мінску адбыўся пяты раўнд нефармальных міністэрскіх дыялогаў краін — удзельніц ініцыятывы Еўрасаюза “Усходняе партнёрства”, які складаўся з дзвюх частак: тэматычнай сустрэчы з удзелам міністраў па пытаннях навакольнага асяроддзя і дыскусіі кіраўнікоў МЗС.