Малады Фронт заклікае патрыётаў прыняць грамадзскую прысягу 12 верасьня

10 верасьня адбылося паседжаньне Сойму Маладога Фронта, удзел у якім прыняло чатырнаццаць актывістаў з шасьці гарадоў Беларусі. Маладафронтаўцы ўзгаднілі плян дзейнасьці на бліжэйшае паўгодзьдзе і прынялі заяву з заклікам прыняць грамадзкую прысягу на акцыі 12 верасьня.

Грамадзкая прысяга – будзьма стаяць разам на варце незалежнасьці Беларусі!

Апошнія падзеі ў Беларусі засьведчылі, што ў нашай краіне дагэтуль кіруе прамаскоўская пятая калона. Так 6 верасьня на “акопны пэрфоманс” Маладога Фронту пад Веткай было кінута ўсё кіраўніцтва раёна. І хоць маладафронтаўцы базуюць сваю дзейнасьць на ідэалах незалежнасьці Беларусі і недатыкальнасьці яе межаў, затрымоўваць двух актывістаў прыехала каля дваццаці чалавек, уключна з кіраўнікамі ўсіх сілавых структур Веткаўскага райна. Не забываем, што гэта ў той час, як легіён прарасейскіх арганізацый пад патранажам казацтва і маскоўскага праваслаўя праводзяць безьліч трэніровачных мерапрыемстваў, заяўляючы пры тым, што Беларусь – гэта частка Расеі.

8 верасьня, у Дзень беларускай вайсковай славы, сілавыя падразьдзяленьні Менску былі кінуты на зачыстку акцыі ля расейскай амбасады. У сытуацыі, калі рэжым Беларусі ўсяляк заігрывае з Захадам і гуляецца ў “лібералізацыю”, правядзеньне такой зачысткі сьведчыць аб тым, што санкцыю на яе дало найвышэйшае кіраўніцтва краіны.

У тым, што халуйства перад Масквой – гэта найгалоўнейшая адметнасьць сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі, засьведчыў і сам Лукашэнка, вуснамі свайго прэс-сакратара ўхваліўшы ўзьняцьцё расейскага сьцяга беларускімі спартоўцамі на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў.

Гэтыя дзеяньні яскрава сьведчаць аб тым, што незалежнасьць Беларусі знаходзіцца пад пагрозаю з боку Расеі і прарасейскай пятай калёны, якая трэці дзясятак год кіруе Беларусьсю. Зважаючы на ілжывую анэксію Крыма Расеяй і ёй жа ўчыненую крывавую бойню на Данбасе імавернасьць вайсковага ўварваньня ў Беларусь не такая ўжо і ілюзорная.

Таму Малады Фронт заклікае патрыётаў Беларусі 12 верасьня а 18 гадзін выйсьці на плошчу Кастуся Каліноўскага (былая Кастрычніцкая) ў Менску і падтрымаць прапанову Ўладзімера Някляева і Мікалая Статкевіча па прыняцьцю грамадзкай прысягі на вернасьць Беларусі. Гэтым самым мы засьведчым перад любым агрэсарам ці манкуртам гатоўнасьць беларусаў бараніць сваю краіну. Заклікаем далучацца да Маладога Фронту і “Ваяра” – будзьма стаяць разам на варце незалежнасьці Беларусі!

Малады Фронт