Актуальна

Марш, які спыніў забойствы і здраду

15 гадоў таму – 17 кастрычніка 1999 года ў Мінску адбыўся Марш свабоды.

Яму папярэднічалі драматычныя падзеі. З вясны 1999 года пачаліся выпадкі знікненняў ці гібелі пры падазроных абставінах лідараў дэмакратычных арганізацыяў.

Летам 1999 года тады яшчэ легітымны прэзідэнт незаконна працягнуў тэрмін сваіх паўнамоцтваў болей, чым на два гады, без усялякіх выбараў. Ён абгрунтаваў свае дзеянні тымі пытаннямі вельмі сумнеўнага лістападаўскага рэферэндуму 1996 года, якія Канстытуцыйны суд перад рэферэндумам прызнаў толькі кансультацыйнымі.

Восенню 1999 года было падпісана пагадненне аб “Саюзнай дзяржаве”, якое, у выпадку поўнай яго рэалізацыі, скасавала б незалежнасць Беларусі.

Беларускае грамадства адказала на гэтыя падзеі Маршам за свабоду, на які выйшлі, па некаторых ацэнках, да 60-ці тысяч чалавек. На мірны марш напаў спецназ. Частка дэманстрантаў дала жорсткі адпор нападаўшым.

У выніку былі параненыя з абодвух бакоў, дзесяткі дэманстрантаў арыштавалі, супраць сямі з іх узбудзілі крымінальную справу.

Але рашучасць людзей напалохала ўладу. Былі спыненыя выкраданні і забойствы дэмакратычных лідараў. галоўны “інтэгратар”, які пасля Маршу пяць дзён хаваўся ў бункеры каля Астрашыцкага Гарадка, выйшаў адтуль “незалежнікам”.

Рэалізацыя праекта “Саюзная дзяржава” затармазілася.

Простыя грамадзяне, якія выйшлі на Марш і далі адпор гвалту, спынілі “эскадроны смерці” і абаранілі незалежнасць сваёй краіны.

Слава героям Маршу свабоды!
Жыве Беларусь!

 

Мікалай Статкевіч
турма №4