Навіны

Марына Адамовіч: “Мяне заверылі, што закон будзе выконвацца”

Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага кандыдата ў прэзідэнты-2010 Мікалая Статкевіча, сустрэлася з начальнікам Магілёўскай турмы №4, дзе палітык адбывае 6 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у Плошчы 2010 года,  Аляксандрам Дзімітравым.

“Размова працягвалася больш за гадзіну. Было разгледжана шмат пытанняў”, – кажа Марына Адамовіч.

– У мяне быў шэраг прэтэнзій. З той нагоды, што, парушаючы заканадаўства, мне вяртаюць, у тым ліку, прававыя дакументы, начальнік сказаў, што яны разбяруцца ў сітуацыі. Пры мне раздрукавалі гэты дакумент, ён заверыў, што дакумент будзе перададзены Міколу асабіста, каб канфлікт ці мае прэтэнзіі былі вырашаныя на месцы. Ён таксама мяне заверыў, што на наступны год пытанне і з самім забеспячэннем згодна з нормамі будзе вырашана.

Марына Адамовіч пацікавілася магчымасцю перагляду рэжыму ўтрымання Статкевіча. Як вядома, ён утрымліваецца на строгім рэжыме, які, да таго ж, у парушэнне заканадаўства, прызначаны на няпэўны тэрмін. Па словах начальніка турмы, разгляд гэтага пытання адбудзецца ва ўстаноўлены тэрмін. Праўда, які такі “ўстаноўлены” тэрмін, калі ён не вызначаны, не ўдакладніў, – смяецца жанчына.

Таксама жонка палітыка гаварыла пра перашкоды ў перапісцы, пра харчаванне, пра асартымент у турэмным кіёску. Нават прапанавала перадаць у турму ў якасці гуманітарнай дапамогі партыю цыбулі ці часныку, бо набліжаецца “прастудны” сезон. “Мяне заверылі, што ў бліжэйшы час вязні не будуць мець праблемаў з набыццё гэтых прадуктаў праз турэмную краму. На жаль, лімоны і часнок вельмі дарагія для “атаваркі” на сто тысяч рублёў у месяц і не карыстаюцца попытам, а таму, адпаведна, шанцаў на іх сталую наяўнасць мала”, – канстатуе Марына.

Для размовы былі нават выкліканы цэнзар, начальнік забеспячэння, загадчыца крамы і іншыя. Начальнік турмы таксама паведаміў, што Статкевіч зараз рэгулярна сустракаецца са святаром.

Марына Адамовіч адзначыла, што цяперашняя адміністрацыя дэманструе волю выконваць закон. “Хаця гэтая сітуацыя раптам можа змяніцца. Так што расслабляцца нельга”, – кажа жонка палітыка.

Беларускае Радыё Рацыя, Мінск