Марына Адамовіч: Падпарадкоўвацца беззаконню – гэта глыбокая непавага да сябе

На Марыну Адамовіч, жонку аднаго з лідараў апазіцыі і былога палітвязня Мікалая Статкевіча, склалі адміністарцыйны пратакол. Увечары 29 кастрычніка, у 78-ю гадавіну масавага расстрэлу беларускай інтэлігенцыі, Марына Адамовіч з іншымі актывістамі запаліла знічкі каля будунку КДБ.

– Гэта, ўласна кажучы, ніякая ні акцыя, бо я лічу, што 29-га кастрычніка – Дзень жальбы, у які нашая дзяржава мусіла б пакаяцца, каб адмежавацца ад таго, што адбывалася ў тыя страшныя часы. Мы запалілі знічкі ля будынка СІЗА КДБ, дзе ў адну ноч расстралялі 132 чалавекі. Большасць з якіх былі прадстаўнікамі літаратуры, мастацтва і беларускай навукі. Па-сутнасці, за адну ноч знішчылі траціну ўсяго складу Беларускага саюзу пісьменнікаў і большасць навуковай эліты краіны.

РР: Вы мабыць упершыню сталі парушальніцай Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь?

Марына Адамовіч: Не. Я нават “мела шчасце” правесці ноч на Акрэсціна, калі нашыя хлопцы сядзелі ў СІЗА КДБ, і мы спрабавалі публічна патрабаваць іх вызвалення.

Атрыманы мной пратакол, я не магу нават сказаць, што ён мяне ўразіў, ён мяне насмяшыў сваім глупствам і цынізмам. У пратаколе напісана, што адміністрацыйнае парушэнне “выразилось в публичной демонстрации зажженной свечи”. Я не ведаю нават, як гэта можна адкаментаваць! Тым больш, што ніхто да мяне не падыходзіў. Ніхто маіх дакументаў не правяраў. Яшчэ мяне здзівіла, што я аказваецца адмовілася ад подпісу пад пратаколам, які на мяне нават не складаўся.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

РР: Калі будзе суд, вядома?

Марына Адамовіч: Не, канешне. Хачу адразу папярэдзіць людзей, якія ходзяць у храмы, якія збіраюцца адведаць магілы блізкіх, бо ў такім выпадку запаленая свечка можа таксама быць прызнаная парушэннем Адміністрацыйнага кодэксу.

РР: Знешне здаецца, што ровень рэпрэсій значна зменшыўся. Раней за такую акцыю некалькі чалавек ужо сядзелі б за кратамі. Зараз толькі штрафы.

Марына Адамовіч: Я, шчыра кажучы, не перастаю здзіўляцца таму, як людзі прызвычайваюцца да цынізму бяспраўя і беззаконня. І калі наступае фармальнае палягчэнне, не звязанае са збіццём ці зняволеннем, намі яно ўжо ўспрымаецца як палёгка. Мы проста забыліся, што такое правы чалавека. Я не лічу, што гэта паляпшэнне. Я лічу, што спосабы парушэння правоў чалавека сталі больш цынічнымі і вытанчанымі.

РР: Раней прагучала, што ў Вас праблемы з хатай.

Марына Адамовіч: Гэта вельмі цесна звязана з дзейнасцю Міколы, бо яшчэ ў мінулым і пазамінулым годзе шмат разоў друкаваліся генеральныя планы і нават даваліся шматлікія інтэрв’ю адказных асобаў. Напрыклад, у Ленінскім раёне планавалася знесці ўсю прыватную забудову. Я думаю, што гэта асобнае і вельмі вялікае парушэнне правоў чалавека. Застанецца толькі некалькі сядзіб, як так званы “Пасёлак вучоных”. Прайшоў год, і ў планы тэрмінова спатрэбілася ўнесці карэктыроўкі. Усе спробы нешта даведацца натыкаюцца на сцяну. З намі адмаўляюцца размаўляць.

Падпарадкоўвацца беззаконню, мне здаецца, вельмі глыбокая непавага да сябе.

СЛУХАЙЦЕ ТУТ >>>

Але нягледзячы на ўсе непрыемнасці ў адносінах да сябе і сваіх блізкіх, трэба быць шчаслівым – кажа Марына Адамовіч. І гэтага адчування яны ў мяне не адбяруць, – падкрэслівае жанчына.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара