Марына Адамовіч: Пакуль хоць адзін адмаўляецца пісаць прашэнне, гэта ўлада несапраўдная

Марына Адамовіч каментуе сітуацыю вакол свайго мужа і іншых палітычных зьняволеных.

– Спадарыня Марына, Ваш муж Мікола Статкевіч папярэдзіў, што яму не першы раз пагражаюць напісаць прашэнне аб памілаванні за яго, падрабіўшы почырк. Ці сапраўды такая падробка дакументаў рэальная? 

– Насамрэч Мікола ўзгадаў падзеі амаль двухгадовай даўніны, калі “прыдворнай” калоніі Лукашэнкі быў “аказаны высокі давер” — выбіць прашэнні з “палітычных”. Менавіта тады актыўна выкарыстоўваліся такія пагрозы. Наколькі я разумею, зараз Мікалай узгадаў тыя падзеі, бо нешта вакол яго адбываецца. Наўпрост жа “па прашэнне” да яго даўно не зьвяртаюцца, асабліва — пасьля яго заявы.

– Чаму, на Вашую думку, улады так жорстка патрабуюць ад палітвязьняў згаданае прашэнне? У чым прынцыповасьць адмовы вязьняў яго пісаць — ясна: гэта, прынамсі, спроба давесьці сваю невінаватасьць. А чым тлумачыцца ціск уладаў і “выбіванне” прашэння?

– Прынцыповая адмова таму і “прынцыповая”, што, па-першае, гэтыя людзі пэўныя ўласныя прынцыпы, пачуццё годнасьці пераступіць не могуць, і, канечне, не могуць прызнаць сябе вінаватымі ў тым, чаго не рабілі. Усе яны… Але ж не толькі: для Міколы, напрыклад, гэта яшчэ і здрадзіць людзям, якія яму паверылі, і паспрыяць “легітымізацыі” гэтай улады, бо, калі людзі “просяць аб памілаванні”, то аўтаматычна прызнаюць сваю віну –альбо права гэтай улады іх судзіць і мілаваць. Палітвязьні зараз як на вайне, як ні пафасна гэта гучыць, і, па сутнасьці, яны там па сваёй волі. Цаной уласнай свабоды яны спрабуюць захаваць і ўласны гонар, і права на нармальную будучыню для ўсіх нас. Яны і яшчэ спрабуюць прадухіліць спакусу гандлю закладнікамі на будучае і таму рашуча патрабуюць не гандляваць іх свабодай. Сёння гэтыя хлопцы — рэальная праблема для таго, хто іх туды адправіў. Пакуль хоць адзін палітычны вязень адмаўляецца “папрасіцца”, нават ва ўласных вачах, не кажучы ўжо пра сьвет, гэта ўлада “несапраўдная”. Уласна кажучы, гэта і ёсьць адказ — чаму так важна для ўлады іх “даціснуць”.

– Вы абураліся, што часам журналісты выказваюць у СМІ здагадкі пра тое, што палітвязьняў нібыта вось-вось вызваляць. Чаму ж такія публікацыі непрыймальныя?

– Абуралася? Мабыць, не вельмі дакладнае слова… Але ж мы з Вамі не мусім займацца “гаданнем на кававай гушчы”.  Скажыце, на чым заснаваныя такія здагадкі? З улікам сказанага вышэй, хіба ўлада зацікаўлена прадэманстраваць сваю “слабасьць”? (Словы “міласэрнасьць”, “адэкватнасьць”, “аб’ектыўнасьць”, “справядлівасьць” і “законнасьць” — на жаль, не з лексікона ўлады). Затое гэтыя марныя чаканні вельмі на карысць ўладзе, бо і ўнутры краіны, і звонку любая актыўнасьць замірае, не робяцца неабходныя рэчы, нейкія далейшыя крокі, якія маглі б рэальна паспрыяць вызваленню палітычных зьняволеных.
Ну і, канешне, гэта — “перадышка” для тых, хто намі незаконна кіруе, магчымасьць знайсьці рэсурсы і г.д.

Для нашых хлопцаў, з непазьбежнасьцю, гэта яшчэ лішнія месяцы, а мо і гады, у няволі… А для сваякоў, як бы мы ні разумелі ўсю ілюзорнасьць і надуманасьць такіх чаканняў, гэта заўсёды вельмі балюча — няспраўджаныя чаканні, надзеі, якія не збыліся. Думаю, тут варта ўзгадаць Фёдара Цютчава: “Нам не дано предугадать, как наше слово отзовётся, — и нам сочувствие даётся, как нам даётся благодать…” Таму няварта раскідвацца словамі, за якімі нічога не стаіць…

palitviazni.info