Марына Адамовіч пра сустрэчу з Міколам Статкевічам: Апошняе спатканьне ў гэтай турме

Марына Адамовіч: Спадзяюся, што ў гэтай турме гэта было апошняе спатканьне. Праз менш чым месяц у Міколы заканчваецца трохгадовы тэрмін знаходжаньня ў турме, і ён мусіць быць пераведзены ў нейкую з калёній, пакуль невядома якую. Гэта было традыцыйнае двухгадзіннае спатканьне, якое я маю два разы на год. На маё ўражаньне, Мікола не зьмяніўся, ён такі ж самы як і быў. Вельмі ясныя і сьветлыя вочы. Няма ніякіх расчараваньняў, стомленасьці, зьняверанасьці. Як і раней ён упэўнены ў сябе, вельмі моцны і мужны з абсалютна дакладным разуменьнем таго, што ён робіць, дзеля чаго і на што яшчэ ён гатовы пайсьці дзеля сваіх перакананьняў. З нагоды розных захадаў з розных бакоў наконт таго, каб напісаць прашэньне ад памілаваньні, Мікола сказаў, што нельга адной паперкай перакрэсьліць усё жыцьцё і гэтага ён ня зробіць ніколі.

Ганна Соўсь: Ці абмяркоўвалі вы ідэю вылучэньня яго кандыдатам на прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў?

Марына Адамовіч: Шмат гаварылі пра ідэю наконт вылучэньня яго адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмсілаў, якія ўжо, на жаль, падзяліліся на дзьве калёны. Але я гэта спачатку ўсё ж хлопцам перадам, каго гэта тычылася, а потым ужо прэсе. Мікола сзаў, што на мінулым тыдні адправіў ліст Эдуарду Лобаву, ўжо на ягоны хатні адрас. Вельмі вітае вызваленьне Эдзіка і Васіля Парфянкова. Рыхтуецца да этапу. Больш маральна. Ён добра разумее, што такія рэчы звычайна заканчваюцца ўзмацненьнем ціску, і ён да гэтага гатовы. Казаў, што крыху лепей апошнім часам стала ў турме, для атаваркі болей магчымасьцяў, хаця б мінімальнае павелічэньне асартымэнту ў турэмнай крамцы назіраецца. Гаварыў пра Ўкраіну і Расею.

Ганна Соўсь: У якіх умовах адбывалася вашае спатканьне?

Марына Адамовіч: На жаль, там толькі пяць месцаў для спатканьня, яны займаюцца тымі, хто знаходзіцца на турэмным рэжыме, і тымі, хто знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Таму там шмат эмоцый, людзі імкнуцца дакрычацца да свайго. Там тэлефонныя трубкі, якія я бачыла ў фільмах сталінскіх часоў.

Ганна Соўсь: Праз шкло было спатканьне?

Марына Адамовіч: Канечне. Гэта турэмны варыянт. У нас цяпер гадавіна Плошчы, а ў той жа дзень — дзень Сьвятога Мікалая, гэта дзень і Міколы Статкевіча, і Міколы Дзядка. Гэта сьвяты Мікола, сьвяты абаронца, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні. А на сёньня у турме знаходзяцца акурат два Мікалаі.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых непарадкаў падчас мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году. 

Ганна Соўсь, Радыё Свабода