Марына Адамовіч просіць растлумачыць пазіцыю ЕЗ па беларускім палітвязням
Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча абураная заявамі еўрадэпутата Андрэя Мамыкіна.
«Мне было прыемна зноў сустрэцца з вамі падчас вашага візіту ў Беларусь 19 чэрвеня, – адзначае жонка Мікалая Статкевіча. – Хоць, як мы і казалі раней, у Страсбургу, гэта дрэнна ўплывае на сітуацыю з нашымі роднымі, на жаль. Яскравы прыклад таму – становішча Мікалая Дзядка, пра якое мы вас праінфармавалі некалькі дзён таму.
Аднак, напісаць Вам мяне заахвоціла іншае. Паводле вынікаў візіту на інтэрнэт-рэсурсе «Еврорадио»было апублікаванае інтэрв\’ю з сябрам дэлегацыі спадаром Андрэем Мамыкіным. Прачытала я яго з вялікім здзіўленнем. Яшчэ з большым здзіўленнем праслухала поўны тэкст інтэрв\’ю.
Еўрадэпутат Мамыкін дапусціў зусім відавочную некампетэнтнасць ў пытанні пра палітвязняў, пацвердзіўшы фактычна пазіцыю беларускіх уладаў, а таксама абразлівае выказванне пра іх – «так званых палітвязняў». Колькасць палітвязняў у Беларусі, агучаная ўжо не ўпершыню спадаром Мамыкіным («двое-трое»), разыходзіцца з пазіцыяй Еўрапарламента, якая знайшла пацверджанне і падчас візіту ў Беларусь.
Акрамя таго, нас вельмі зачапіла і, проста, абразіла выказванне пра «слёзы», якія «гадзіну лілі ў камізэльку» спадару Мамыкіну «тры няшчасныя жанчыны».
«Адсутнасць прэтэнзій» да Лукашэнкі ў дэпутата, са слоў Марыны Адамовіч, ідзе насуперак з пазіцыяй Еўрапарламента.
«Апошні ж раздзел інтэрв\’ю «аб выніках візіту» выглядае, як афіцыйная пазіцыя дэлегацыі, якая пабывала ў Беларусі. Для нас відавочна, што «пазітыўны настрой беларускіх уладаў у дачыненні да ЕЗ» практычнымі крокамі пакуль не падмацоўваецца. А тэзіс еўрадэпутата Мамыкіна пра «супрацоўніцтва на 200%», «абыходзячы вострыя кропкі: пытанні палітвязняў, недэмакратычных выбараў», агучаны напярэдадні чарговай электаральнай кампаніі, змушае задаць пытанне: «Ці з\’яўляецца пазіцыя, агучаная еўрадэпутатам Андрэем Мамыкіным афіцыйнай пазіцыяй Дэлегацыі паводле вынікаў візіту ў Беларусь?» – піша Марына Адамовіч.
Жонка палітвязня просіць выкласці афіцыйную пазіцыю Дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю.
«Гэта адзінае пытанне, якое здаецца мне важным, пакуль нашы блізкія знаходзяцца за кратамі праз несправядлівыя, надуманыя абвінавачванні, якія, услед за беларускімі ўладамі, паўтарае еўрадэпутат Мамыкін, – адзначае яна. – Я вельмі спадзяюся, што Вы палічыце магчымым выкласці альбо даць спасылку на афіцыйную пазіцыю Дэлегацыі паводле вынікаў візіту ў Беларусь».
Нагадаем, цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца шэсць палітзняволеных: Мікалай Статкевіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Юры Рубцоў, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка. На палітычных вязняў пастаянна ціснуць, а таксама пагаршаюць умовы іх утрымання. Тэрмін зняволення Мікалаю Дзядку прадоўжылі на год, а Мікалая Статкевіча перавялі з калоніі ў турму. Арцёма Пракапенку адмовіліся вызваляць, нягледзячы на тое, што ён напісаў прашэнне аб памілаванні. 27 траўня прайшоў новы суд над Юрыем Рубцовым, паводле вынікаў якога яго адправілі ў турму.