Зміцер Дашкевіч: Апетыты Крамля ўзрастаюць

На сайце „Маладога Фронту” з’явіўся спіс арганізацыяў „расейскага свету” – „Чорная сотня” – топ 100 агмянёў крамлёўскай агрэсіі ў Беларусі”. У спісе апынуліся такія арганізацыі, як „Русь Единая”, „Русь Молодая”, суполкі РНЕ, пункты вярбоўкі ў ДНР, а таксама казацкія арганізацыі ды клубы, якія праводзяць „расейскія вечарыны”.

„Малады Фронт” лічыць першаснай задачай беларускага грамадства супрацьстаяць дзейнасці чарнасоценных крамлёўскіх структур, якія займаюцца адкрытай і прыхаванай падрыхтоўкай захопу Беларусі Расеяй”, – гаворыцца ў лісце, далучаным да спісу.

Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла са сустаршынём „Маладога Фронту” Змітром Дашкевічам:

РР: Спіс „расейскага свету” – „Чорная сотня”. Такая аналогія да манархістаў, якія сто гадоў таму забівалі іншаземцаў і іншаверцаў дзеля імперыі. У гэтым спісе ёсць такія ўстановы, як напрыклад менскі клуб „Dozari” альбо гомельскі „Red Pub”. Ці можна гэта прыраўняць да такой дзейнасці?

Зміцер Дашкевіч: Я думаю, што абсалютна можна, калі тая ці іншая грамадская ўстанова прымае людзей, якія заяўляюць, што „няма Беларусі”, што „тут расейскі свет”, што „мы з расейцамі адна нацыя” і гэтак далей. Гэта сведчыць пра тое, якое ёсць стаўленне людзей. Калі сюды прыйдуць расейскія танкі, я думаю, што гэтыя ўстановы будуць аднымі з першых вывешваць расейскія сцягі.

Я перакананы, што патрыёты Беларусі павінны ведаць пра такія ўстановы, і як мінімум на сённяшні дзень, іх байкатаваць.

РР: Якія былі чыннікі, па якіх вы вызначалі, што пэўныя ўстановы трэба аднесці да гэтага спісу, а пэўныя – не? Ці гэта былі нейкія вайсковыя манеўры, трэніроўкі?

Зміцер Дашкевіч: Так, натуральна. Гэта ўся адкрытая інфармацыя ў суполках гэтых шавіністычных арганізацый, сайтах. Недзе гэта былі артыкулы, напісаныя журналістамі. Таму, гэта адкрытыя крыніцы. І натуральна гэта вайсковыя манеўры, нейкія ідэалагічныя семінары і гэтак далей.

РР: У вашым каментары, апублікаваным да гэтага спісу, узгадваецца такая аналогія да Крыму і Данбасу. Няўжо ў нас такая складаная сітуацыя з гэтымі расейскімі арганізацыямі?

Зміцер Дашкевіч: Я думаю, што яна вельмі складаная. Праца над гэтым спісам засведчыла, што гэта проста грандыёзныя памеры – іх нават цяжка ўявіць. Мы мяркуем, што гэта толькі вяршыня айсбергу, толькі тое, што афіцыйна выкладаецца ў СМІ, толькі тое, чым самі гэтыя „чарнасоценцы” бахваляцца.

Калі зарэгістраваныя структуры пры падтрымцы дзяржавы праводзяць нейкія напаўвайсковыя манеўры, страляюць, збіраюць моладзь, даюць ім пад патранажам РПЦ і чыноўнікаў зброю, ордэны – гэта вельмі страшна.

Трэба разумець, што і сам Лукашэнка 20 гадоў змагаючыся з нацыянальнай апазіцыяй, адбудоўваў гэты „расейскі свет”. І зараз, нават калі б ён захацеў адгарадзіцца, гэта вельмі складана зрабіць, таму што 20 гадоў адбудоўваліся структуры „расейскага свету”. І калі раней гэта рабілася ціха, то зараз гэта набірае размах, таму што апетыты Крамля, зразумела, узрастаюць.

РР: Вы кажаце, што пэўныя рэчы праходзяць пад патранатам дзяржавы. Сапраўды, як вынікае з вашага спісу, некаторыя рэчы проста абсурдныя, арганізацыя „Гомельская народная рэспубліка” пастаянна атрымлівала ад дзяржавы памяшканні для сваіх сходаў. Таксама, Расейская Праваслаўная Царква, быццам бы, рэлігійная ўстанова, а нават у Менску пры Свята-Елісавецінскім манастыры дзейнічае гэтак званая казачая суполка.

Зміцер Дашкевіч: У гэтым вось і вялікая праблема, што ўсё гэта робіцца на вельмі сур’ёзным дзяржаўным узроўні. У той час, калі, напрыклад, актывісты „Маладога Фронту” ці іншай незарэгістраванай арганізацыі, не могуць сабрацца больш за 10 чалавек – адразу ж уломваецца спецназ, выбіваюць дзверы, тут жа ж арыштоўваюць, і гэта робіцца ў дачыненні да людзей, каторыя прапагандуюць нацыянальную ідэю, хрысціянскія прынцыпы. У той жа ж час спакойна збіраюцца тыя людзі, якія абвяшчаюць, што „Беларусі няма, Беларусь – гэта фэйк, нейкая гістарычная недарэчнасць”. І канечне, на гэта трэба сёння звяртаць увагу. Я думаю, што і ў Расейскай Праваслаўнай Царкве ёсць нармальныя людзі, каторых гэта не задавальняе, і трэба звяртаць іх увагу. Таксама, звяртаць увагу дзяржаўных структур, дзе могуць быць адэкватныя людзі, каб яны праводзілі нейкія следчыя дзеянні. У далейшыя этапы нашай працы па гэтым спісе мы будзем звяртаць увагу дзяржаўных структур, каб яны праверылі дзейнасць той альбо іншай суполкі, арганізацыі.

РР: Пры такой вялікай выкрытай струтуры „расейскага свету”, што трэба рабіць нам, беларусам, якія не хочуць уварвання Расеі, не хочуць пашырэння расейскага імперыялізму на нашых землях?

Зміцер Дашкевіч: Пытанне такое глабальнае. Я даўно кажу пра тое, што для патрыётаў Беларусі можна зрабіць адну самую простую справу, элементарную, якая ніколі не дапусціць таго, што адбылося з Крымам і што адбываецца на Данбасе. Гэта проста перайсці на беларускую мову. Апытанні сведчаць, што ў Беларусі 30-40% людзей, каторыя выступаюць за адзіную дзяржаўную беларускую мову. Няхай яны заўтра пачнуць размаўляць па-беларуску! Ніякі расейскі шавініст не зможа заўтра прыехаць у Менск, у іншы горад, і сказаць „тут расейскі свет”, калі кожны трэці на вуліцах будзе размаўляць па-беларуску. Гэта самае галоўнае.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя