Марына Адамовіч: «Статкевіч адчувае салідарнасьць»

Пад пэтыцыяй за неадкладнае вызваленьне Міколы Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча і ўсіх беларускіх палітвязьняў падпісаліся больш як дзьве з паловай тысячы чалавек.

Пэтыцыя разьмешчана ў Сеціве. Вось як тлумачыць яе зьяўленьне жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч: «Пэтыцыя была ініцыяваная дэпутатам Эўрапарлямэнту Марэкам Мігальскім і ягоным офісам, падтрыманая мною і Настай Палажанкай, нявестай Зьмітра Дашкевіча.

Амаль два месяцы пэтыцыя распаўсюджваецца ў Сеціве. Яна скіраваная да лідэраў эўрапейскіх краінаў з тым, каб дзеячы, якія могуць прымаць рашэньні, альбо ўплываць на гэтыя рашэньні — не пакідалі з поля зроку праблему беларускіх палітычных вязьняў. Нягледзячы на тое, што «заглаўныя» пэрсоны там — Статкевіч і Дашкевіч, тым ня менш, пэтыцыя скіраваная на падтрымку ўсіх беларускіх палітычных вязьняў. Цяпер пад пэтыцыяй падпісалася каля дзьвюх з паловай тысяч чалавек — ня толькі беларусы, але і жыхары Расеі, Польшчы, іншых эўрапейскіх краінаў, і што прыемна, сярод падпісантаў з-за мяжы таксама шмат беларусаў.

Ну, а як Мікола ўспрымае гэта? Як вы разумееце, калі чалавек два гады знаходзіцца ў зьняволеньні, дык якія заўгодна праявы салідарнасьці ён успрымае зь вялікай удзячнасьцю. Праўда, канкрэтна пра гэтую пэтыцыю я не магла яму напісаць у лісьце, але ўсё, што да яго даходзіць, ён успрымае з удзячнасьцю. І піша, што адчувае салідарнасьць і падтрымку»

Сяргей Навумчык, Радыё Свабода

Ад рэдакцыі: Марына Адамовіч паведаміла нам, што Мікалай Статкевіч з цеплынёй адгукнуўся на вестку пра петыцыю, ініцыяванаю еўрадэпутатам Марэкам Мігальскім, і прасіў перадаць яму прывітанне і словы падзякі.