Навіны

Марына Адамовіч: “Ёсьць абсалютная яснасьць, што гэта – вайна…”

Працяг гутаркі з Марынай Адамовіч — жонкай палітвязьня Міколы Статкевіча. Пачатак гутаркі тут.

Глядзець відэа Глядзець відэа

Марына, нагадайце, калі ласка: колькі агулам у карцэры правёў спадар Мікола?

– Сітуацыя выглядае, магчыма, меней трагічна, чым, напрыклад, з Дзімам Дашкевічам. Але вось толькі тое, што мне “наўскідку” прыходзіць у галаву:. тры карцэры за апошні час, гэта значыцца, месяц, і “памяшканне камернага тыпу” – таксама месяц. І гэта яшчэ ў шклоўскай калоніі, калі з яго ў вельмі кароткі тэрмін зрабілі “парушальніка рэжыму”. Ну, і проста ў камеры ён знаходзіцца з 12 студзеня… 

І ўвесь час у яго было нейкае персанальнае абмежаванне на прэсу, на любыя ўкладанні. Вельмі часта мы чуем, што хлопцам можна даслаць кнігі, нейкія раздрукоўкі з інтэрнэту. Усе такога кшталту ўкладанні ў любыя звычайныя лісты заўсёды тармазіліся – і ў шклоўскай калоніі, і ў магілёўскай турме. Даходзіць да вар’яцтва, калі проста раздрукаваны ўордаўскі тэкст яму не перадавалі – зьнішчалі, альбо, калі гэта было заказным лістом, вярталі адпраўляльнікам. Класічны стыль: “Не паложана”. Я кажу: “А калі ў мяне, напрыклад, рука зламана, я магу толькі адным пальцам набраць тэкст на кампутары? Гэта якімі нарматыўнымі дакументамі вызначаецца?” Карацей кажучы, вось так: напішацца пяць скаргаў – тады разы з два пройдзе.

Гэта ж датычыцца і незалежнай прэсы. Чамусьці вельмі ўпарта перашкаджаюць атрыманню “Нашай Нівы” і газэты “Новы час” – гэтую газэту Мікола, здаецца, атрымаў усяго адзін раз. Хоць спадар Кароль і яго рэдакцыя ўпарта спрабуюць яму кожны нумар адправіць.

– Сапраўдная інфармацыйная блакада?

– Так. Недарэмна ж яго трымаюць зараз не ў турме, а ў СІЗА альбо СІЧУ – спецізалятары часовага ўтрымання.   Бо кажуць людзі дасьведчаныя, што ў турмах усё ж такі нейкая камунікацыя, нейкая падтрымка паміж зьняволенымі існуе, ну а СІЗА – гэта месца, дзе ў прынцыпе па заканадаўству асуджаныя могуць пакінутыя толькі з іх персанальнай заявы, па спецыяльным пісьмовым загадзе начальніка ўстановы, толькі асуджаныя па так званых няцяжкіх артыкулах і толькі дзеля выканання нейкіх работ па абслугоўванню гэтай турмы. Ні адзін, ні другі, ні трэці, ні чацвёрты  пункт да Міколы ніякага дачынення не мае, таму гэта абсалютна адмысловае абмежаванне, у тым ліку камунікацый – любых!

– Скажыце, калі ласка, а Вам было не страшна выходзіць замуж за Міколу? Не адчуваеце з-за гэтага ціск на сябе, сям’ю?

– Ведаеце, мне нават такое пытанне ніколі і не прыйшло б у галаву. Ну што значыць – страшна выходзіць замуж за Міколу? Ні разу нават… На сённяшні дзень не магу сказаць, каб я адчувала нейкі істотны ціск. Я адчуваю перыядычна пільную ўвагу, але гэта не замінае мне жыць. Ёсць шмат іншых нагод.

– 20 гадоў таму спадар Мікола арганізаваў прыняцце прысягі на вернасць Беларусі… Паплечнікі па БЗВ і тыя, хто прымаў тую прысягу, зараз неяк падтрымліваюць вашу сям’ю?

– Па-першае, далёка не ўсе ўжо сёння жывыя, далёка не ўсе — у Беларусі… Але кантакты з тымі, каго я ведала раней, я, безумоўна, падтрымліваю. І я ведаю, што яны нейкім чынам падтрымліваюць Міколу, ну ўжо як хто можа: пісьмом хтосьці, хтосьці тэлеграмай, хтосьці грашовым пераводам на дзень народзінаў…

– А калі вырасьце Ваш сын, Вы б хацелі, каб ён пайшоў у палітыку?

– Сын ужо даўно вырас, але я б не хацела, каб ён пайшоў у палітыку. Гэта цяжкі выбар, ён патрабуе ўсяго жыцця, самаахвярнасьці, поўнай адданасьці выбранай мэце, выбранай справе. Я думаю, што ён шмат здолеў бы зрабіць (і здолее, спадзяюся) у выбраным накірунку навукі, хоць  сам бачыць сваё будучае крышку інакш…

– Што Вас падтрымлівае, што дапамагае чакаць Міколу? Што дае сілы?

– Па-першае, абсалютная перакананасьць у тым, што… усё правільна. Тое, што было зроблена, і што, я спадзяюся, будзе зроблена, і тое, што нават зараз адбываецца – усё правільна, усё лагічна. І  калі спачатку Алесь Бяляцкі, а потым Мікола напісалі, што зараз мы перажываем не горшыя часы ў нашым жыцці, — я цудоўна іх разумею! Як бы гэта ні выглядала, магчыма, неяк па-вар’яцку крышку, нелагічна — але ёсць унутры гэткая абсалютная яснасьць, як Мікола напісаў, таго, што можна, што нельга. Што павінна рабіцца — і што ні ў якім выпадку не можа быць зроблена.

І ёсьць абсалютная яснасьць таго, што гэта – вайна. І што ў гэтай вайне можа быць толькі адзін пераможца. (Я маю на ўвазе: не фізічная асоба, а бок). І што гэтыя нашы цудоўныя хлопцы на сённяшні дзень сваю абарону трымаюць годна. На жаль, і мушу гэта сказаць – на жаль, без вялікай грамадзкай падтрымкі.

І назаўсёды — я спадзяюся, што гэта ніколі не зменіцца — я буду памятаць, што выжыць у самыя цяжкія часы мы дапамаглі адна адной. Тыя, хто спачатку пазнаёміўся ля прыступак СІЗА КДБ, ля прыступак Камітэта дзяржаўнай бясьпекі. І потым вось ужо на працягу амаль двух гадоў падтрымліваў адна адну. Мы сталі не толькі сяброўкамі, але, як некалі Дзіма Бандарэнка напісаў Волі з калоніі – сёстрамі. Гэта ўжо назаўсёды…

“Свабоду палітвязням!”