Навіны

Марына Адамовіч зачытала кароткі тэкст выступу Мікалая Статкевіча ў Бруселі

Мікалай Статкевіч перадаў кароткі тэкст выступу з нагоды ўручэння прэміі, які Марына Адамовіч зачытала 14.12 на сумесным пасяджэнні Камітэта па замежных справах і Камісіі па правах чалавека Еўрапарламента і 16.12 падчас сустрэчы з Прэзідэнтам ЕП Дэвідам Сэсолі.

Выступ, дарэчы, быў на беларускай мове:

“Дарагія сябры!

Я разглядаю гэту высокую ўзнагароду, як жэст салідарнасці аб’яднанай Еўропы з барацьбой беларускага народа за свабоду.

Наша барацьба, нашы пакуты і ахвяры – не толькі за свабоду сваей краіны. Бо свабода ў свеце непадзельная. Калі нейкі народ губляе яе, то сілы несвабоды ва ўсім свеце робяцца мацнейшымі. І пагроза для свабоды ў іншых краінах узрастае.

Калі ж нейкі народ вяртае сваю свабоду, то гэты прыклад натхняе іншых барацьбітоў. І сілы свабоды ва ўсім свеце робяцца мацнейшымі.

Недарэмна болей за 150 гадоў таму лозунг “За нашу і вашу свабоду!” быў агульным для беларусаў, палякаў, літоўцаў, латышоў, рускіх і ўкраінцаў.

Беларускі народ заплаціў і плаціць за сваю свабоду вялікую цану. Але мы поўныя рашучасці перамагчы. Мы не спынімся, пакуль не пераможам.

Беларусь будзе вольнай!

Дзякуй, што вы з намі!”

Марына Адамовіч, facebook.com