Міхалевіч: Інтэрпол не адказвае на мае запыты наконт адмены экстрадыцыі

Былы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч ужо чатыры гады ў міжнародным вышуку Інтэрполу. Дагэтуль ён ня можа дамагчыся, каб ягоныя дадзеныя выдалілі з «чорных сьпісаў» у Расеі ды іншых неэўрапейскіх краінах. Ці працягвае Беларусь выкарыстоўваць Інтэрпол дзеля ціску на палітычных апанэнтаў?

Алесь Міхалевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта і палітычны ўцякач, застаецца апошнім з арыштаваных 19 сьнежня 2010 году, на каго справа аб удзеле ў масавых беспарадках дагэтуль не закрытая. У лютым 2011 году, пасьля таго, як былога намесьніка старшыні БНФ Алеся Міхалевіча вызвалілі з КДБ, ён уцёк зь Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі. Пра тое, што Беларусь праз Інтэрпол абвясьціла яго ў міжнародны вышук, беларускі апазыцыянэр даведаўся ў сьнежні 2011-га ў аэрапорце Варшавы, дзе яго арыштавалі. Пасьля ўмяшаньня Міністэрства замежных спраў Польшчы Міхалевіча вызвалілі, але ягоныя непрыемнасьці пры візытах у розныя краіны ня скончыліся: на запыт Інтэрполу палітыка затрымлівалі яшчэ ў ЗША і Латвіі. «І сёньня я застаюся ў базах дадзеных асобаў, якіх вышуквае Інтэрпол, у неэўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Расеі», — паведаміў Алесь Міхалевіч карэспандэнту Свабоды.

«Мяне аўтаматычна распаўсюдзілі па ўсіх нацыянальных базах дадзеных, і па сёньня Інтэрпол не адказвае на мае запыты пра тое, што было зроблена дзеля таго, каб зьняць мяне з гэтых базаў. Ва ўсіх базах дадзеных па-за Эўрапейскім Зьвязам я па-ранейшаму знаходжуся. То бок фактычна я магу нармальна падарожнічаць толькі па краінах Эўрапейскага Зьвязу. У тым ліку не магу наведваць Расею. Тым больш, трэба памятаць пра тое, што Беларусь падала на мяне ў вышук праз каналы СНД, таму ня толькі ў Расеі, але і ва Ўкраіне ды іншых краінах СНД я таксама знаходжуся ў вышуку».

Алесь Міхалевіч жыве і працуе ў Чэхіі, час ад часу сустракаецца зь сям’ёй, якая засталася ў Беларусі. Паводле яго, у Чэхіі ён ведае некалькі палітычных уцекачоў зь Беларусі, якіх беларускія ўлады, як і яго, спрабуюць вярнуць у родную краіну праз Інтэрпол. «Яны не захочуць лішняй агалоскі». — адказаў палітуцякач па маю просьбу даць кантакты гэтых беларусаў. Спадар Міхалевіч мяркуе, што ўлады Беларусі працягваюць па меры магчымасьці выкарыстоўваць Інтэрпол дзеля перасьледу апазыцыі:

«І ня толькі Беларусь гэта робіць. І Расея, і Азэрбайджан. Усе дыктатарскія краіны выкарыстоўваюць Інтэрпол дзеля перасьледу палітычных апанэнтаў».

Палітуцекача, якога таксама спрабавалі вярнуць у Беларусь праз Інтэрпол, удалося знайсьці па тэлефоне ў Варшаве. Былы бізнэсмэн і дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Валер Кругавыў 1996 годзе паставіў подпіс пад імпічмэнтам Аляксандру Лукашэнку. Неўзабаве пасьля таго як на яго завялі крымінальную справу нібыта за невяртаньне крэдыту, Валер Кругавы зьехаў у Польшчу, дзе папрасіў палітычнага прытулку. У 1998 годзе спадара Кругавога арыштавала польская паліцыя, яму давялося прайсьці праз суд, які не пагадзіўся з выдачай былога дэпутата ўладам Беларусі. Спроба дамагчыся экстрадыцыі спадара Кругавога праз Інтэрпол паўтарылася ў 2006 годзе:

«Прыслалі дакумэнты ў адпаведныя польскія органы з патрабаваньнем мяне выдаць. Прычым спаслаліся на нейкія новыя справы, якіх, як потым высьветлілася, не было, проста пазначылі новыя даты. Гэтак па-беларуску, проста на старую справу праз 10 год пазначылі новы нумар і дату. Пакуль тут мясцовыя з гэтым разабраліся, мяне зноў правяралі. А тыя потым заявілі, што гэта была чыста мэханічная памылка».

 

Ці будуць такія «памылкі» паўтарацца? Пра сябе Валер Кругавы кажа, што даўно далёкі ад палітыкі і ўвогуле ўжо ў пэнсійным веку, таму ня думае, што давядзецца зноў праходзіць праз падобныя непрыемнасьці. Але што да ўцекачоў зь невялікім стажам, то спробаў вярнуць іх у Беларусь спадар Кругавы не выключае. Ён працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі і навокал, і адсочвае, сярод іншага, некаторыя гісторыі палітычных уцекачоў. Прыкладам, Валер Кругавы нагадаў гісторыю вайскоўца Сьцяпана Захарчанкі, які два гады таму ўцёк зь Беларусі ў Літву і таксама праз суд дамагаўся адмены экстрадыцыі. Паводле Валера Кругавога, нікога зь беларускіх палітычных уцекачоў дагэтуль з краінаў Эўразьвязу ў Беларусь ня выдалі і ня выдадуць:

«Тут калі проста заявіць, што вы займаліся палітыкай і вас за гэта перасьледуюць, — гэтага мала. Дурных тут няма. Але калі ёсьць хаця б намёк на тое, што гэтак і было, ці сумненьні, што справа гэтага чалавека ў Беларусі можа быць разгледжаная неаб’ектыўна, то тут будуць прымаць рашэньне на карысьць гэтага чалавека. Беларусь зь яе судовым і палітычным апаратам мае такую рэпутацыю, што лепш ім чалавека туды не аддаваць. Але калі сапраўды крымінальнік — забіў, скраў — тут пытаньняў не ўзьнікае. Выдаюць спраўна».

За 20-гадовую гісторыю Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі сюды было экстрадзіравана 69 злачынцаў ці падазроных у злачынстве. Гэта дадзеныя на канец 2013 году, новыя зьвесткі яшчэ не агалошаныя. Колькі запытаў на экстрадыцыю па лініі Інтэрполу накіроўвалася ў суседнія краіны, але не было задаволена — такой статыстыкі ў бюро не даюць.

Зь няўрадавых крыніц вядома, што некалькі гадоў таму беларускае бюро Інтэрполу спрабавала дамагчыся экстрадыцыі з Польшчы палітуцекача Андрэя Жукаўца, з Бэльгіі дамагаліся выдачы сябра КХП-БНФ Аляксандра Янкоўскага, аднак гэтыя справы беларускі бок прайграў. Марнымі застаюцца і спробы вярнуць з Польшчы былога дырэктара «Пінскдрэва» Ларана Арыніча, намесьніка дырэктара МАЗуАляксандра Якаўлева.

Ад некаторых спробаў дамагчыся выдачы Беларусь адмовілася сама. Прыкладам, у канцы 2013 году Беларусь падала ў Інтэрпол заяўку на міжнародны вышук расейскага алігарха Сулеймана Керымава, але празь некалькі месяцаў сама ж гэты запыт адклікала.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода