Мікалай Дзядок: Мой досвед камусьці патрэбны, значыць, сядзеў нездарма
Студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта сустрэліся з былым палітвязнем.
Мікалай Дзядок распавёў пра этапы жыцця арыштанта: ад ізалятара часовага ўтрымання да, так званай, крытай турмы. Таксама ён раскрыў адрозненні паміж рознымі месцамі ўтрымання зняволеных, напрыклад, папраўчай калоніяй і турмой, піша сайт ПЦ “Вясна”.
“Для мяне такія сустрэчы карысныя тым, што я магу падзяліцца сваімі ідэямі, думкамі і турэмным досведам, распаўсюдзіць інфармацыю, якая ў нашым грамадстве невядомая. У выніку – адчуваю свой досвед запатрабаваным, а свае веды – камусьці патрэбнымі. Гэта значыць, чарговым разам пераконваюся, што сядзеў нездарма.
А для ўдзельнікаў сустрэчы – гэта магчымасць даведацца пра рэчы, пра якія не раскажуць па ТВ або на мэйнстрымавых сайтах, пашырыць свае веды аб анархізме, анархістах, карнай сістэме і нюансах яе працы”.
Былы палітвязень адзначыў, што атмасфера сустрэчы ў ЕГУ была камфортнай і сяброўскай, што дапамагала выступоўцу не хвалявацца:
“Людзі, як мне падалося, слухалі ўважліва. Было адчуванне, што яны перажывалі тое, што я ім расказваў”, – сказаў ён.
“На сустрэчы амаль нічога новага для мяне не было, бо я ўважліва сачыў за жыццём Мікалая за кратамі. На жаль, я не анархіст, але пакуты, перанесеныя ім, прымусілі мяне стаць ягоным паплечнікам не ў палітычным плане, а ў маральным”, – падзяліўся меркаваннем Аляксей Гарноська, адзін са студэнтаў ЕГУ, які прысутнічаў на сустрэчы.
“Такія душэўныя, атмасферныя і шчырыя сустрэчы ў нас бываюць нячаста. Гэта як раз той выпадак, калі адчуваеш, што ў аўдыторыі лунае нейкі дух. Дух гуманнасці. Аповед Мікалая закрануў многіх з прысутных. Мне здаецца, наша супольнасць адчула ў той момант кошт чалавечага жыцця, кошт чалавечай свабоды. І я прынамсі вельмі ўсцешаны тым, што мы мелі такую магчымасць. Спадзяюся, Мікалай таксама атрымаў вялікае задавальненне ад нашай сустрэчы”, – падкрэсліў Дзяніс Кучынскі.
Нагадаем, Мікалай Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 года, асуджаны 27 траўня 2011 судом Заводскага раёна Менска паводле ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Пастановай суда ад 5 снежня 2012 умовы адбыцця пакарання яму былі змененыя на больш жорсткія – пераведзены з калоніі №17 Шклова ў турму №4 Магілёва. У лістападзе 2014 года на вязня завялі новую крымінальную справу паводле 411-га артыкула за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” і 26 лютага 2015 суд падоўжыў яго зняволенне на 1 год і 3 дні. Да вызвалення адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №9 горада Горкі, дзе 42 дні з 50-ці ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары “за парушэнні рэжыму адбыцця пакарання” і “адмовы ад працы”, пасля чаго быў пераведзены ў ПКТ. 22 жніўня выйшаў на волю паводле ўказу прэзідэнта аб памілаванні шасці палітвязняў.