Асабістая думка

Мікалай Стакевіч: Абыякавае стаўленне грамадства да сваёй дзяржаўнасці можа спакусіць патэнцыйных агрэсараў да нападу

Патрыятычная частка грамадства 27 лістапада ўзгадала Дзень герояў – гадавіну ўзброенага выступу Случчыны за незалежнасць Беларусі ў 1920 годзе.

Афіцыйныя органы, у тым ліку вайсковыя, гэтую дату ігнаруюць. Яны адзначаюць у якасці вайсковых святаў даты толькі з савецкай ці расійскай гісторыі. Напрыклад, Дзень абаронцы Айчыны яны святкуюць у гадавіну здачы бальшавікамі тэрыторыі Беларусі войскам германскага кайзера ў 1918 годзе. Нельга казаць, што гэта дата беларускай ваеннай гісторыі. Тым болей славутая і вартая быць святам.

Святкаванне беларускім войскам датаў толькі тых ваенных падзей, гадавіны якіх святкуюцца ў Расіі, з\’яўляецца моцным выхаваўчым і псіхалагічным фактарам. Такім чынам падкрэсліваецца залежнасць беларускага войска і дзяржавы, адсутнасць у нашага народа ўласнай дзяржаўнай і ваеннай гісторыі. Гэта дае магчымасць паставіць пад сумненне існаванне нашай нацыі і дзяржавы.

Адукаваныя людзі ведаюць пра тысячагадовую гісторыю дзяржаўнасці народа Беларусі, пра славутыя подзвігі нашых продкаў. Я не кажу, што трэба забыцца пра трагічную для нашага народа гісторыю дзвюх сусветных войнаў. Але ў аснову патрыятычнага выхавання грамадства і войска павінны быць пакладзены таксама славутыя даты з уласна беларускай ваеннай гісторыі.

Адна з іх – гадавіна Слуцкага збройнага чына, калі тысячы простых сялянаў дабраахвотна сфармавалі рэгулярныя вайсковыя часткі і са зброяй у руках мужна баранілі незалежнасць сваёй зямлі. Думаю, што 27 лістапада – дата пачатку той барацьбы, павінна стаць беларускім Днём абаронцы Айчыны.

8 верасня можа зрабіцца адзіным днём прысягі для курсантаў беларускіх вайсковых вучэльняў. Падыходзіць гэтая дата і для святкавання нашага Дня ракетных войскаў і артылерыі. Бо менавіта ў бітве пад Воршай гетман Астрожскі ўпершыню ў нашай вайсковай гісторыі масава і надзвычай эфектыўна скарыстаў гарматы. Вядомая дата ўтварэння генералам Яубам Ясінскім інжэнерных войскаў ВКЛ. І г.д.

Наша ваенная гісторыя багатая славутымі падзеямі і гэта трэба выкарыстоўваць дзеля патрыятычнага выхавання войска і ўсяго грамадства. Мы жывем у небяспечны час, калі аморфнае, абыякавае стаўленне грамадства да сваёй дзяржаўнасці можа спакусіць патэнцыйных агрэсараў да нападу.

Я не маю ілюзій, што вяртанне дзяржавы да нашай гісторыі магчыма пры сённяшнім марыянеткавым рэжыме, пабудаваным на чужых прыродных і эканамічных рэсурсах. Але ўпэўнены – прыйдзе час і мы вернем сабе нашых герояў, умацуем сябе прыкладам іх мужнасці і адданасці Айчыне.


Мікалай Статкевіч

Facebook