Асабістая думка

Ці рэальны зараз рэферэндум па зьмене Канстытуцыі

Лібэральна-дэмакратычная партыя прапанавала адначасова з выбарамі ў мясцовыя саветы ў 2018 годзе правесьці рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі. ЛДП прапануе перайсьці на прапарцыйна-мажарытарную сыстэму выбараў, а таксама павялічыць тэрмін паўнамоцтваў чальцоў Савету Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў мясцовых саветаў з чатырох да пяці гадоў, а прэзыдэнта — зь пяці да сямі гадоў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што рэфэрэндум аб павелічэньні тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта Беларусі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў можа адбыцца, «калі на тое будзе воля кіраўніка дзяржавы».

У інтэрвію БелаПАН Лідзія Ярмошына сказала:
«Сама прапанова ні ў чым не супярэчыць міжнароднай практыцы. І яе рэалізацыя ў пэўным пляне магла б спрыяць стабільнасьці грамадзтва і некаторай эканоміі выдаткаў на выбары”.

Камэнтуючы карэспандэнту Радыё Свабода Алесю Дашчынскаму гэтую заяву, былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Мікалай Статкевіч заявіў:

«Я не лічу спадарыню Ярмошыну старшынёй нармальнага Цэнтравыбаркаму. Я не лічу гэтую інстытуцыю сапраўднай выбарчай камісіяй, як не лічу беларускія выбары сапраўднымі выбарамі. Адпаведнае і стаўленьне да спадарыні Ярмошынай.

Я лічу, што на знак удзячнасьці за атрыманыя месцы ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі кіраўніцтва ЛДПБ вырашыла дагадзіць і выступіла з гэтай прапановай. Магчыма, гэта таксама і зандаж.

Я ня веру, што гэтае пытаньне будзе вынесена на рэфэрэндум, таму што цяпер Беларусь знаходзіцца ў вельмі цяжкім эканамічным становішчы, расьце сацыяльная напружанасьць. І палітызаваць грамадзтва ў гэты час, тым больш прасоўваючы ідэю аб павелічэньні тэрміну паўнамоцтваў цяпер ужо відавочна непапулярнага кіраўніка дзяржавы, якога большасьць ужо ненавідзіць, — гэта варʼяцтва. Яны на гэта ня пойдуць. А калі пойдуць, то тут наступствы малапрадказальныя. Гэтая палітызацыя можа прывесьці да вельмі шырокіх публічных праяваў незадаволенасьці зь невядомым канцом».