Мікалай Статкевіч — 1500 дзён за кратамі

 

27 студзеня 2015 года роўна 1500 дзён, як за кратамі знаходзіцца кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, палітвязень Мікалай Статкевіч.

Ён быў арыштаваны 19 снежня 2010 года, у дзень прэзідэнцкіх выбараў і асуджаны да 6 год зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні “ў арганізацыі масавых беспарадкаў” (суддзя Ленінскага райсуда г. Мінска Людміла Грачова). 12 студзеня 2012 года рэжым адбывання пакарання быў узмоцнены. Рашэннем суддзі Шклоўскага райсуда Віталя Волкава па прадстаўленню адміністрацыі калоніі №17 (начальнік калоніі – палкоўнік унутранай службы Сяргей Ярмаліцкі) Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 3 гады турэмнага рэжыму.

Пасля завяршэння трохгадовага турэмнага тэрміну 12 студзеня 2015 года быў ізноў этапаваны ў Шклоў, дзе, як мяркуецца, мусіць знаходзіцца да завяршэння тэрміну зняволення.

Як паведамлялася раней statkevich.org, 16 студзеня камісія па замене рэжыму ў шклоўскай калоніі адмовіла Мікалаю Статкевічу ў “змякчэнні” пакарання, бо ён “не стаў на шлях выпраўлення” і “не ўдзельнічаў у працы грамадскіх арганізацый”.

Міжнародная супольнасць прызнала Мікалая Статкевіча вязнем сумлення.