Навіны

Мікалай Статкевіч адказаў Лукашэнку

«Напрыканцы там быў наўпроставы мэсідж да мяне. Таму мушу адказваць…»

Пад час прэсавай канферэнцыі ў студзені Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў дастаткова нервова ўзгадваў Мікалая Статкевіча. Мікалай Статкевіч даслаў ліст у адказ.

Поўны тэкст прыведзены на здымках.


 

Ліст

Ліст

Ліст

Кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, сённяшні палітвязень Мікалай Статкевіч піша:

«…напрыканцы там быў наўпроставы мэсідж да мяне. І ўсё ў ім нібыта правільна — пра тое, што вакол нашых межаў «зубамі шчоўкаюць»; пра тое, што краіна ў нас адна і дзяліць нам няма чаго; пра тое, што ёсць з кім змагацца наўкол. Таму мушу адказваць.  Тым болей, што дэмакратыя сапраўды будзе для нашай краіны таксама вялікім выпрабаваннем, якое яшчэ трэба будзе вытрымаць. Дастаткова ўзгадаць кашмар кожнага адказнага беларускага палітыка — ХVIII стагоддзе. Калі вольная шляхта збіралася на грошы Пецярбурга, Берліна і Вены ў канфедэрацыі і секлася паміж сабой за ўплыў і ўладу. А па краіне вольна гулялі чужыя войскі. Так і згубілі дзяржаву.

Безумоўна, без эканамічнай і палітычнай свабоды захаваць канкурэнтаздольнасць нацыі не ўдасца. Што пагражае існаванню дзяржаўнасці. Але, каб не згубіць яе ў выніку міжпартыйнай барацьбы за ўладу, дзе будуць істотна ўплываць расійскія грошы, неабходна выкананне наступных перадумоў.

1. Фармаванне ў грамадскай свядомасці і заканадаўчая абарона базавых каштоўнасцяў нацыі. Гэта беларусацэнтрычная версія нацыянальнай старадаўняй гісторыі, што абгрунтоўвае аб\’ектыўнасць існавання нашай дзяржавы. Гісторыка-патрыятычнае выхаванне на яе базе. Нацыянальная сімволіка. Пашырэнне ўжывання беларускай мовы, найперш, сярод дзейсных і будучых эліт. Каштоўнасць незалежнасці як галоўнай умовы захавання нацыі.

2. Пабудова сістэмы дзяржаўных інстытуцый, якая, акрамя класічных задач эфектыўнага функцыянавання, падзелу і змены ўлады, здольна «парыраваць» знешнія ўплывы, накіраваныя супраць суверэнітэта краіны. Безумоўна, галоўнае тут — празрыстыя, сумленныя і няўхільна выконваемыя правілы падсправаздачнасці і змены ўлады праз абароненую ад фальсіфікацый выбарчую сістэму. Важна адначасова з забаронай замежнага фінансавання палітычных партый наладзіць празрыстую і аб\’ектыўную сістэму іх дзяржаўнага фінансавання. найбольш прымальнай палітычнай сістэмай мне бачыцца парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка, дзе фармуемы парламентам урад ажыццяўляе вырашэнне эканамічных і сацыяльных пытанняў, кіруе МУСам. А прэзідэнт, як «адказны за незалежнасць», кіруе абаронай, дзяржбяспекай і знешняй палітыкай. Тут, безумоўна, закладзены канфлікт паміж прэм\’ерам і прэзідэнтам. але гэты канфлікт стварае і дадатковыя гарантыі незалежнасці.

3. Выкананне дзьвух папярэдніх умоў стварае мажлівасці для геапалітычнага манеўру без рызыкі разбурыць дзяржаву «на павароце». Але я і так ужо дастаткова пісаў аб неабходнасці еўрапейска-расейскага неканфліктнага балансу, так што паўтарацца не буду.»

Мікалай Статкевіч узгадвае, што першасная праграма па выкананні названых умоваў была выкладзена раней у яго праекце «Плана нацыянальнага прымірэння», зацверджанага Еўрапейскай кааліцыяй у снежні 2009 года.