Новыя правакацыі

16 лютага Марына Адамовіч атрымала ад Мікалая Статкевіча чарговы ліст з магілёўскай турмы. “Прыкметы спраўджваюцца” – пра сумныя турэмныя рэаліі.

«Першага лютага да Мікалая паспрабавалі “падсадзіць” новага суседа, былога супрацоўніка міліцыі. – гаворыць жонка. –  Яго былыя сукамэрнікі скардзіліся неаднаразова, што ён іх зьбіваў”.  Далей яна працытавала ліст: «Але чалавек той тут доўга не затрымаўся, хутка разабраўся ў сытуацыі, папрасіў прабачэньня за памылку і стаў прасіцца выйсьці». А самы ключавы сказ, які сапраўды мяне напружыў, – працягвае Марына Адамовіч, –  гэта вось такі: «Я не пісаў бы табе пра гэты выпадак, бо я ж не пра ўсе такія выпадкі паведамляю. Але мне тут ужо сказалі, што паводле гэтага выпадку, як начальнік выйдзе з адпачынку, будуць разьбіральніцтвы. Калі мяне прызнаюць вінаватым ва „ўціску“ яшчэ і на гэтага чалавека, то з улікам яго памераў і спэцпадрыхтоўкі, я, мабыць, ужо монстар нейкі».

Марына Адамовіч нагадала, што раней неаднаразова да Мікалая Статкевіча ў камэру “падсажвалі” іншых вязьняў,  дзеля аказання на яго ўціску.

“Калі ўлічыць, што гэта адбылося на наступны дзень пасля таго, як была істотна абмежаваная адзіная магчымая перадача для Мікалая, то гэта выглядае ўжо, як тэндэнцыя, – кажа Марына Адамовіч. – Не выключана, што гэта рэакцыя на чарговую адмову падпісаць прашэньне аб памілаваньні. Тым больш, што Мікалай неаднаразова гаварыў аб такой сумнай “прыкмеце”: пасля чарговай прапановы “папрасіцца” у хуткім часе ўзнікаюць новыя праблемы “з біркамі, насоўкамі, суседзямі””.

“Таксама пра сябе Мікола напісаў, што пачуваецца добра. Ізноў пачалі ісці лісты да яго не ад сваякоў. Але ж былі сканфіскаваныя цэнзурай некалькі яго лістоў да мяне. Да таго ж, гэты ліст “выйшаў з турмы, гледзячы па паштоваму штэмпелю толькі праз тыдзень пасля таго, як быў напісаны”.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Палітык абывае пакараньне ў магілёўскай турме, куды быў зьмешчаны як злосны парушальнік рэжыму.