Мікалай Статкевіч: Беларусь рыхтуюць да анексіі

Экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч выказвае перасцярогу, што «шматгадовыя падрыхтоўчыя намаганні Крамля па паглынанні Беларусі набліжаюцца да завяршэння». Палітык заявіў, што ў сувязі з гэтым «быў вымушаны перадаць у амбасады ЗША і Польшчы ў Беларусі прапановы, каб амерыканская дывізія на польскай зямлі была размешчана толькі ў адказ на з’яўленне расейскай базы ў Беларусі».

Свае перасцярогі Мікалай Статкевіч апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Спяшаюцца вядома чаму – беларускі народ можа скінуць ненавіснага «прэзідэнта», які не справіўся са скрадзенымі паўнамоцтвамі і хутка сутыкнецца з масавымі пратэстамі.

Ужо зразумелыя дэталі крамлёўскага плана «бітвы за Беларусь» (так яны яго называюць). Карыстаючыся хранічнай стратнасцю беларускага дзяржаўнага «калгасу», Масква скарачае яму датацыі. Для таго, каб яны былі адноўленыя, Расея змушае дыктатара прадаць яшчэ дзве часткі суверэнітэту краіны.

Па-першае, разгортванне на тэрыторыі Беларусі расейскага вайсковага кантынгенту. У якасці падставы плануецца выкарыстаць размяшчэнне амерыканскай дывізіі ў Польшчы.

Па-другое, выбары «саюзнага парламента» з шырокімі наднацыянальнымі паўнамоцтвамі.

Гэтыя саступкі суверэнітэту зробяць працэс паглынання Беларусі незваротным.

Калі на нашай тэрыторыі размесцяцца расейскія войскі, то ў патрэбны Крамлю момант яны змогуць узяць пад кантроль цэнтральныя органы ўлады Беларусі. Як гэта было ў Прыбалтыцы ў 1940 годзе ці ў Крыме ў 2014 годзе. А «саюзны парламент» тут жа зацвердзіць паглынанне нашай краіны Расеяй. Прызначаным беларускім «дэпутатам» не важна, каму служыць. Для халуёў галоўнае, каб ім больш плацілі.

Я быў вымушаны перадаць у амбасады ЗША і Польшчы ў Беларусі прапановы, каб амерыканская дывізія на польскай зямлі была размешчана толькі ў адказ на з’яўленне расейскай базы ў Беларусі. Пагроза размяшчэння гэтай дывізіі ў выпадку разгортвання расейскай базы, стане стрымліваючым фактарам для планаў Масквы.

Калі дыктатар пагодзіцца на з’яўленне расейскіх войскаў у Беларусі і наддзяржаўныя «парламент», то патрыётам давядзецца рыхтавацца да абароны незалежнасці нашай краіны. І не толькі з дапамогай заяваў пратэсту».

БЕЛСАТ