Мікалай Статкевіч. Дэфініцыі апазіцыі
Дэградацыя апазіцыі вядзе да ператварэння грамадства ў какнфармісцкае балота, і можа прывесці да ператварэння аўтарытарнай дзяржавы ў таталітарную.
Апошнім часам у беларускай апазіцыйнай прэсе ўсё часцей можна сутыкнуцца з падзелам апазіцыі на памяркоўную і радыкальную. Але ва ўсім свеце радыкальнай называюць малую частку апазіцыі, якая дэкларуе крайнія палітычныя лозунгі ці дасягае сваіх мэтаў з дапамогай зброі.
Нічога падобнага да гэтага ў сённяшніх беларускіх рэаліях не назіраецца. Ніхто ж да палітычных, сацыяльных ці этнічных чыстак, як і да зброі, не заклікае.
Бачыцца, што падмена палітычных вызначэнняў патрэбная той частцы беларускай апазіцыі, якая спыніла рэальную палітычную барацьбу з уладай і за ўладу, абвясціўшы яе праявай радыкалізму. Хоць такая барацьба з\’яўляецца абавязкасм і прыкметай палітычнай апазіцыі ў любой краіне. Бо нельга ж лічыць палітычнай барацьбой толькі пасяджэнні ў закрытых памяшканнях ці напісанне скаргаў ды прапаноў для дзеючай улады.
Спыніўшы барацьбу, гэтак званая “памяркоўная” апазіцыя перастае быць палітычнай сілай і непазбежна пачынае ператварацца ў “канструктыўную” апазіцыю. На “наваязе” аўтарытарных рэжымаў гэта – інстытуцыя, прызначэнне якой толькі ў пакорлівым удзеле ў “выбарах” з загадзя вядомым вынікам і ў асцярожнай крытыцы “асобных часовых недахопаў” чыноўнікаў другога эшэлону ўлады.
Дэградацыя апазіцыі вядзе да ператварэння грамадства ў какнфармісцкае балота, і можа прывесці да ператварэння аўтарытарнай дзяржавы ў таталітарную.
Адсутнасць для новых пакаленняў прыкладаў рэальнай барацьбы за грамадскія ідэалы пагражае будучыні краіны.
М. Статкевіч кастрычнік 2014
турма №4