Мікалай Статкевіч згодны стаць адзіным кандыдатам на прэзыдэнта

Мікалай Статкевіч адгукнуўся на прапанову Ўладзімера Някляева вылучыць палітвязьня адзіным кандыдатам ад апазыцыі на выбарах прэзыдэнта ў 2015 годзе. Пра гэта паведаміла “Радыё Свабода” жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

«Ён чытаў у „Народнай волі“ пра прапанову Някляева аб вылучэньні Міколы адзіным кандыдатам на прэзыдэнта. Па-першае, падзякаваў Някляеву за падтрымку, а па-другое, даў згоду на вылучэньне, калі такое пагадненьне будзе дасягнутае».

Марына Адамовіч працытавала словы Мікалая Статкевіча для сайта www.statkevich.org6

“Прачытаў у “Народнай Волі” за 14.10 артыкул Някляева. Магчыма, гэта – не горшы варыянт.
Мая пазіцыя такая:
– дзякую за падтрымку Някляеву;
– падцвярджаю сваю згоду вылучацца ў якасці адзінага;
– план Някляева з “запасным” кандыдатам цікавы і заслугоўвае ўважлівага вывучэння.”

Мікалаю Статкевічу вядомая сытуацыя са зьмяшчэньнем у карцэр палітвязьня Ігара Аліневіча. «Мікола выказваў падтрымку Ігару. Ён таксама не выключае, што Ігара рыхтуюць да крытай турмы», — кажа Марына Адамовіч.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевічасуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых непарадкаў падчас мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Ужо амаль 3 гады палітвязьня трымаюць у магілёўскай турме.