Мікалай Статкевіч: Для адміністрацый мы — як бомбы
Мікалай Статкевіч адгукнуўся на «ЛістЫ з пекла» Мікалая Аўтуховіча.
Мікалай Аўтуховіч (2009)
Аб гэтым паведаміла жонка палітыка, Марына Адамовіч.
— Гэты ліст я ўжо і не спадзявалася атрымаць. Думала, што сканфіскавалі. Але ж не. Атрымалаа сёння разам з іншым — адразу два. Мабыць, доўга вырашалі — «падрыўны» ён ці «цынічны», ды так ні да чаго і не давырашаліся, — кажа жонка.
Мікола піша: «Чытаў у НВ» вялікі артыкул Мікалая Аўтуховіча пра ўмовы ў Гродзенскай турме і ў калоніях, дзе ён быў. Тут большасць праблем, пра якія ён піша, ужо вырашаны. І бялізну з мінулагодняй восені пачалі ў банны дзень мяняць (без майго ўмяшальніцтва, дарэчы — апярэдзілі ), і з туалетнымі прыладамі ўсё па законе. (Раней, дзякуючы Мікалаю, у магілёўскай турме пачалі выдаваць зняволеным належныя гігіенічныя прылады. Рэд.) Праўда, ёсць свае «асаблівасці» і тут. Я маю на ўвазе сітуацыю з падпіскай і кніжнымі бандэролямі. Дык і ў Шклове такой дурасці не было, як тут».
Палітык мяркуе, што ў адміністрацыі Гарадзенскай турмы павінны ўзнікнуць «вялікія праблемы» ў сувязі са з\’яўленнем ліста Аўтуховіча: «Не ведаю, як такі вялікі артыкул Мікалая выйшаў з турмы. Не думаю, што лістом. Калі гэта «калегі па няшчасцю» Мікалая арганізавалі яму «дарогу», то ў кіраўніцтва Гарадзенскай турмы вялікія праблемы. Атрымоўваецца, што Мікалай разлічыўся з імі».
Далей Мікалай Статкевіч звяртаецца да пытання аб выкананні незаконных загадаў і распаўсюджанай у турэмнай сістэме практыцы супрацьпраўнага ціску на палітвязняў.
«Разумею, што для адміністрацый мы — як бомбы, размешчаныя ў іх установах. Дык ня трэба было па той бомбе лупіць нагамі. Нават, калі пра тое просяць розныя «суседзі». Калі ўлада памяняецца, то тыя ж «суседзі», каб выслужыцца перад новай, яшчэ і крымінальную справу завядуць на тых «ворагаў дэмакратыі», каму раней самі ўказанні давалі на нас «ціснуць,» — напісаў Мікалай Статкевіч, па сутнасці, звяртаючыся да адміністрацый папраўчых устаноў, дзе ўтрымліваюцца палітвязні.