Мікалай Статкевіч – другі дзень нараджэння за кратамі (Відэа)

Апошні зняволены з кандыдатаў на прэзідэнта ў выбарах-2010, Мікалай Статкевіч прынцыпова не падпісвае прашэння аб памілаванні.

Палітык ужо 1,5 года ўтрымліваецца за кратамі. На мінулы дзень нараджэння яго павіншавала ўся Шклоўская калонія. Адміністрацыя зоны адпомсціла, пазбавіўшы Статкевіча права на ліставанне і забараніўшы атрымліваць перадачы. А ў самой калоніі спілавалі турнік.

Як паведаміла жонка экс-кандыдата Марына Адамовіч, гэтым разам сціплы падарунак да палітвязня дайшоў. Ейны ж дзень нараджэння Статкевіч адзначыў пазапланавай зефіркай з мінулай атаваркі.

 

Сёння ў Менску на пляцоўцы каля Камароўскага рынку сталіцы адбыўся агульны пікет па зборы подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў, якія вылучаюцца па акругах Мінска пры падтрымцы грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” і руху “За Свабоду”. Акцыя праходзіла пад дэвізам “З днём нараджэння, Мікалай!”. Кожны ахвотны меў магчымасць пазваніць з тэлефонаў удзельнікаў пікета і адправіць тэлеграму з віншаваннямі Статкевічу, любому іншаму палітзняволенаму.

Мікалай Статкевіч нарадзіўся ў 1956 г. Скончыў менскае ракетна-зенітнае вучылішча, пасля абараніў кандыдацкую дысертацыю. Яшчэ ў часы перабудовы апублікаваў канцэпцыю стварэння беларускага войска, якая была рэалізаваная пасля атрымання Беларуссю незалежнасці.

Ён быў адзіным з беларускіх вайскоўцаў, хто публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Тады ж Статкевіч абвесціў пра стварэнне Беларускага звязу вайскоўцаў.

З 1995 г. – старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, пасля – старшыня БСДП (НГ). Стаў на чале пратэстаў супраць вынікаў рэферэндуму аб неабмежаванай колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў у 2005-м. Быў арыштаваны і асуджаны на тры гады турмы. Арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення.

На выбарах 2010 г. звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем «вярнуць скрадзенае». Мікалай Статкевіч заявіў, што будзе размаўляць з дзейным кіраўніком краіны ў ягоным стылі. Пасля выбараў – чарговы турэмны тэрмін, гэтым разам шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Статкевіча рэгулярна кідаюць у карцар, саджаюць у адну камеру з хворым на СНІД, абмяжоўваюць у кантактах і сустрэчах са сваякамі. Аднак экс-кандыдат усцяж заяўляе пра сваю невінаватасць і не падпісвае прашэння аб памілаванні.

Жадаем Мікалаю Статкевічу моцнага здароўя і мужнасці, спадзеючыся, што наступны дзень нараджэння ён сустрэне з сям’ёю!

belsat.eu