Духоўная рэвалюцыя беларускай нацыі

Вялізарную павагу і захапленне выклікаюць людзі, якія выходзяць. Яны і масавы валанцёрскі рух – гэта яскравыя сведчанні з’явы, якую б я назваў “Духоўная рэвалюцыя беларускай нацыі”.

За апошнія месяцы мы і ўвесь свет убачылі цудоўнае пераўтварэнне сукупнасці запалоханых індывідуалістаў у вольналюбівую салідарную беларускую нацыю. Са шматлікім авангардам, гатовым рызыкаваць дзеля правоў і свабод народа.

Такое пераўтварэнне можна назваць духоўнай рэвалюцыяй. Прычыны яе – не ў з’яўленні нейкай лепшай новай апазіцыі замест кепскай старой. Гэтыя прычыны выспявалі дзесяцігоддзямі і былі каталізаваныя дзеяннямі ўлады на працягу апошніх гадоў і, асабліва, месяцаў.

На мой погляд, да гэтых прычын можна залічыць наступныя.

  • Канчатковае пераўтварэнне беларусаў у гарадскую нацыю, бо большасць іх цяпер – гараджане ў 2-м ці болей пакаленні. А дэмакратыя, нацыя і г. д. – гэта гарадскія вынаходніцтвы.
  • Яшчэ: беларусы, з большага, наталілі спажывецкі голад, уласцівы постсавецкім людзям, і пачалі думаць пра больш высокія патрэбы.
  • Таксама, сваю ролю адыгралі глыбінныя якасці народа, прынесеныя бацькамі-дзядамі сучасных гараджанаў з вёскі – пачуццё справядлівасці, прыстойнасці, выхаваную уніяцтвам павагу да закону і правіл.
  • Яшчэ: расцярушаныя ў ХІХ стагоддзі сярод сялянства шляхетныя якасці – пачуццё годнасці і абавязку, падмацаваныя прыкладам барацьбы за свабоду сучасных патрыётаў.

 

Выспяванне гэтых прычын адбывалася павольна, але працэс набыў глыбіню і дынаміку з-за несправядлівых, з пункту гледжання большасці, дзеянняў улады – падвышэння пенсійнага ўзросту, падатку на беспрацоўных, дэманстрацыі раскошы і амаральнасці. Ужо ў мінулым годзе цяперашняе напружанне стала добра адчувальным. А падзеі гэтага года – рэакцыя ўладаў на пандэмію, нахабная нейтралізацыя небяспечных апанентаў напачатку “выбараў” і, асабліва, гвалт над арыштаванымі пасля галасавання, зрабіліся спускавым кручком таго, што я называю “духоўнай рэвалюцыяй”. Якая непазбежна пацягне за сабой і палітычныя змены.

Мікалай Статкевіч, СІЗА №8 г. Жодзіна, 07.10.2020