Навіны

Мікалай Статкевіч – еўрапейскім палітыкам: Трымайце пазіцыю!

“Нельга пачынаць гандаль “жывым таварам”! Еўропа павінна трымаць сваю пазіцыю”, – звярнуўся да еўрапейскіх палітыкаў палітвязень, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

29 верасня Мікалай Статкевіч патэлефанаваў родным. Аб гэтым паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч.

Званок стаўся абсалютнай нечаканасцю, – гаворыць жанчына. – Невядома, ці ўсё ж яму дазволілі тое, на што маюць права астатнія зняволеныя – 2 званкі на месяц, ці гэта вынікі візіту высокага госця?

Мікалай падцвердзіў, што днямі ў турме яго наведаў апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Сустрэча адбывалася у прысутнасці намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргея Працэнка.

Мікалай Статкевіч перадаў, што ў размове з высокім госцем падцвердзіў сваю пазіцыю, якую выклаў яшчэ ў апошнім слове ў судзе – нельга прапаноўваць уладзе грошы за вызваленне палітвязняў, інакш будуць новыя закладнікі. (“У злачынцаў закладнікаў выкупаць нельга. Калі вы зробіце гэта, значыць будуць іншыя закладнікі, і сытуацыя доўга ня зьменіцца”,- з апошняга слова ў судзе).

Ён прасіў Апостальскага Нунцыя перадаць сваю глыбокую ўдзячнасць Сьвятому Айцу за ўвагу і малітву, а таксама давесці сваю пазіцыю да еўрапейскіх палітыкаў. Палітвязень яшчэ раз падкрэсліў, што просіць Еўрапейскі звяз не мяняць сваю прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму.

Ен таксама паведаміў, што звярнуўся з прапановай да Сяргея Працэнкі – не прымушаць супрацоўнікаў турмы ісці на здзелку з сумленнем і бясконца вышукваць у яго розныя дробныя парушэнні, каб працягваць строгі рэжым утрымання, парушаючы пры гэтым закон.  “Няхай сваім загадам ДВП “прызначыць” мне тры гады строгага рэжыму, няхай возьмуць на сябе адказнасць і не “падстаўляюць” людзей”, – перадаў Мікалай Статкевіч.

– Ён  ведае пра сітуацыю Зміцера Дашкевіча, вельмі хвалюецца за яго і раіць не перапыняць ціск, каб спыніць пераслед палітвязня. Таксама прасіў перадаць віншаванні з Днём нараджэння Ігару Аліневічу і Алесю Бяляцкаму, бо спробы адаслаць віншаванні іх сваякам аказаліся марнымі,- паведаміла Марына Адамовіч.

– Ці ведае Мікалай пра вызваленне Сяргея Каваленкі і Паўла Сырамалотава?

Мабыць, ведае, але я забылася запытацца наўпрост – званок, як заўжды, нечаканы. Але сказаў, што думае, што пачаўся гандаль, і звязвае візіт якраз са спробамі ўлады “дамовіцца”.

На здароўе не скардзіцца, адзінае, што сказаў, што зараз у турэмным дворыку амаль зусім не бывае сонца – восень, сонца нізкае і не дасягае праз высокія сцены і краты. І сонейка яму вельмі не хапае.

Яшчэ ён сказаў, што не разумее, чаму беларускія палітыкі ігнаруюць волю не меньш, чым 40 тысяч беларусаў, якія прагаласавалі на Плошчы за стварэнне адзінага Руху “За вольныя выбары” і абранне яго Рады,– распавяла Марына. – Ну што тут адкажаш? Што “рухаў” ужо столькі, колькі палітыкаў, якія аб гэтым заяўляюць? Сумна…

Але Мікалай не губляе аптымізму і бадзёрасці, стараецца заняць свой дзень так, каб не заставалася вольнай хвіліны, увесь час быў заняты справамі. Так і час бяжыць хутка…