Мікалай Статкевіч этапаваны ў Шклоў
Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітвязень Мікалай Статкевіч ўчора, 12 студзеня 2015 года, этапаваны ў Шклоў, у папраўчую калонію №17.
12 студзеня 2012 года рашэннем суддзі Шклоўскага раённага суда Віталя Волкава Мікалай Статкевіч быў дадаткова асуджаны да трох гадоў турэмнага рэжыму. Роўна тры гады ён правёў у магілёўскай турме №4.
Учора, у сувязі з завяршэннем трохгадовага турэмнага зняволення, ён быў этапаваны ў ПК-17, якая знаходзіцца ў Шклове, дзе, паводле прысуду, мусіць знаходзіцца ў зняволенні яшчэ амаль 2 гады.
Аб гэтым паведаміла жонка Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч, якая атрымала інфармацыю, датэлефанаваўшыся да турмы.
“Да апошняга моманта мне нічога не было вядома аб тым, куды будзе этапаваны Мікола, – расказала жонка Статкевіча. – Адміністрацыя старанна захоўвала таямніцу. Міколу не далі нават таго адзінага штомесячнага тэлефанавання, якое было абяцанае на гэтыя выходныя. Упэўненая, што зроблена гэта было адмыслова, назнарок. Такая вось дробная развітальная “спецаперацыя”, каб як мага даўжэй заставаліся ў невядомасці і хваляваліся”
Нагадаем, што ў Шклоў, у ПК-17, Мікалай Статкевіч быў этапаваны пасля прысуду. Менавіта ў Шклоў неўзабаве, 7 ліпеня 2011 года, прыехаў А. Лукашэнка, каб агучыць сваю “прапанову” палітвязням – напісаць “прашэнне” і пакінуць краіну. Адразу пасля гэтага на палітвязняў пачаў аказвацца выключны ціск з мэтай прымусіць іх падпісаць такую жаданую паперку.
А 12 студзеня 2012 года, па прадстаўленню адміністрацыі шклоўскай калоніі, Мікалай Статкевіч, як “не стаўшы на шлях выпраўлення”, які мае намер “выйсці па адбыцці” пакарання і “надалей весці злачынны лад жыцця”, быў асуджаны да трох гадоў турэмнага рэжыму.
Цяпер ён павінен знаходзіцца ў шклоўскай калоніі да заканчэння тэрміну. Мікалай Статкевіч быў асуданы да шасці год зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму рашэннем суддзі Ленінскага раёну г. Мінска Людмілы Грачовай.
Мікалай Статкевіч прызнаны міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі вязнем сумлення.