Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч пабраліся шлюбам у калоніі
Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч у аўторак (21.12.2011) распісаўся з Марынай Адамовіч у шклоўскай калоніі.
Свадьба в колонии | Марына Адамовіч едзе на шлюб
Рэгістрацыі адносінаў пара дамагалася каля года.
— Гэты час цягнуўся так доўга, што, акрамя трывогі, чакання і страху, я нічога не адчуваю, — прызналася Марына Адамовіч у гутарцы з карэспандэнтам «Салідарнасці» . — За год мы з Мікалаем бачыліся толькі на судзе і 30 мая размаўлялі праз шкло. Я не магла да яго нават дакрануцца.
Па законе маладым належыць кароткатэрміновае спатканне да трох дзён. Аднак Марыне далі адны суткі на сустрэчу з мужам. Спатканне скончыцца ў 8.30 21 снежня. За начлег у пакоі шклоўскай калоніі жонцы прыйшлося заплаціць 25 000 рублёў.
Як распавёў блогер Андрэй Кабанаў, які суправаджаў Марыну Адамовіч у паездцы ў калонію, адміністрацыя турмы зрабіла вясельны падарунак маладым.
— Пасля спаткання Статкевічу дазволілі забраць з сабой 30 кілаграмаў прадуктаў. Хоць у адпаведнасці з заканадаўствам зняволенаму належыць 2-3 пасылкі на год, — удакладніў Кабанаў.
Марына Адамовіч была наслышаная аб тым, што беларуская пенітэнцыярная сістэма прадугледжвае роспіс на працягу дзесяці хвілін, таму пра святочную атмасферу не марыла. Вяселле ў турме прайшло без сведак.
Па словах Андрэя, нявеста ў ружовай сукенцы выглядала шыкоўна і хвалявалася.
— У Шклове нас сустрэла адміністрацыя калоніі поўным складам, — распавёў суразмоўца.
Напярэдадні вяселля Мікалай Статкевіч правёў пяць сутак у ШІЗА як «злосны парушальнік» рэжыму, а потым быў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу. Блізкія палітвязня звязвалі гэта з публікацыямі ягоных лістоў, якія трапілі на волю ў абыход адміністрацыі.