Мікалай Статкевіч: «Калі б не Пуцін, Лукашэнка ўжо даўно зляцеў бы»

Нядаўна Слонім наведаў палітык Мікалай Статкевіч. Сустрэча з госцем доўжылася некалькі гадзін. Пасля размовы з жыхарамі Слоніма спадар Мікалай адказаў на пытанні карэспандэнта Газеты Слонімскай.

— Вы ўпершыню ў нашым горадзе?

— Не, не ўпершыню. Калі не памыляюся, апошнім разам быў у 2016 годзе, калі ствараўся Беларускі Нацыянальны Кангрэс. Гады два з паловай я ў вас дакладна не быў. Летам я ездзіў па Беларусі, але паколькі быў абмежаваны ў часе, то да вас трапіць не атрымалася. У Слонім прыехаў падтрымаць сябра БНК Віктара Марчыка і дапамагчы людзям у вашым горадзе пераадолець страх перад уладай.

— Ці задаволены Вы прыёмам?

— Так, горад мне заўсёды падабаўся. Ён захапляе сваім ландшафтам, гістарычнымі месцамі і людзьмі. На сённяшняй сустрэчы сабралася каля 150 чалавек. Улады прыслалі «брыгаду» пенсіянерак. Таму месцамі было даволі весела. Мне падабаецца, калі нехта ад улады прыходзіць, ажыўляе гутарку.

— Вы прыехалі падтрымаць Віктара Марчыка, але ці варта ўдзельнічаць у выбарах, калі іх няма?

— Партыя «Народная грамада», якую я прадстаўляю, выдатна разумее, што ў нас на выбарах не лічаць галасоў. Але ёсць магчымасць выкарыстаць працэдуры выбарчай кампаніі. Напрыклад, збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Мы скарыстоўваем пікеты па зборы подпісаў, каб праводзіць легальныя мітынгі па ўсёй краіне, адкрыта заяўляць сваю пазіцыю і фармаваць ініцыятыўную групу для будучых прэзідэнцкіх выбараў. На сустрэчах я кажу, што Лукашэнка павінен сысці, што толькі мірны масавы працяглы пратэст дазволіць беларусам вярнуць сабе годнае жыццё.

— Існуе інфармацыя, што незалежных кандыдатаў больш, чым на папярэдніх выбарах.

— Прыблізна столькі ж. Істотнай розніцы няма. А кандыдатаў ад зарэгістраваных апазіцыйных партый зараз будзе менш, бо ў гэтых партыях ужо няма каго вылучаць кандыдатамі. Гэтую кампанію мы скарыстоўваем і для падрыхтоўкі да прэзідэцкіх выбараў. Лукашэнка не пускае мяне на выбары, бо баіцца. Ён зноў, як у 2015 годзе, хоча мець толькі фіктыўных супернікаў, якія б прызналі яго перамогу і не паклікалі людзей на Плошчу. Але не трэба яму гэта дазваляць. Калі мы дазволім яму выбіраць супернікаў на выбары, то тады на што нам разлічваць?

Мы збіраем людзей у ініцыятыўную групу. Ужо цяпер там больш за паўтары тысячы чалавек. Гэта за дзесяць дзён па ўсёй Беларусі. За гэтыя выбары на пікетах мы набярэм тры-чатыры тысячы. І яшчэ тысячы — праз інтэрнэт. Мы не дазволім Лукашэнку з нас зрабіць дурняў. Тыя людзі, што запісаліся ў ініцыятыўную групу — надзея дэмакратычных сілаў. Я збіраю людзей, якія саспелі для таго, каб памяняць сітуацыю ў краіне…

— Лукашэнка паварочваецца да Захаду. Ці магчыма, што падлік галасоў нарэшце стане справядлівым, а выбары — сапраўднымі?

— Не стануць. І Еўропа ўжо скарылася. Яму кажуць: не лічыш галасы — ну тады хаця б не бі і не саджай. Амерыка кажа па-іншаму: ну калі будзе як будзе, тады адмены санкцый няхай не чакае. Калі ж будзе саджаць, то яшчэ новыя санкцыі аб`явім. Лукашэнка настолькі эканамічна прывязаў Беларусь да Расіі, што зараз сядзіць у бакавой кішэні пінжака Пуціна. Пуцін кажа: давай ва ўнутраную кішэню пералазь. Лукашэнка не хоча, робіць знакі Захаду, быццам ён незалежны, і просіць грошай. Пры гэтым не можа вылезці з кішэні Пуціна, бо тады патрэбна праводзіць рэформы, весці дыялог з грамадствам, а яму прасцей прадаць і зрабіцца як Кадыраў — дыктатарам аўтаноміі. І прадасць, як не прыбярэм яго. Таму, каб не было горшага, трэба вырашаць гэта пытанне ў бліжэйшы год.

— Вы будзеце рабіць мітынгі супраць з`яднання з усходнім суседам, Расіяй?

— Так, безумоўна. Апошні, заключны мітынг будзе прысвечаны якраз гэтай тэме. Ён адбудзецца 6 кастрычніка ў 14.00 на плошчы Свабоды ў Мінску і будзе тэматычным — «Не дамо прадаць краіну».

— Вы прадбачылі спробу анексіі Беларусі яшчэ год таму

— Я пісаў тады пра пагрозу анексіі і добра памятаю, як іранізавалі з маіх слоў нашыя «палітолагі». Цяпер яны маўчаць.

— Дык чаго чакаць Беларусі далей?

— Расія будзе даціскаць Лукашэнку, і ён будзе паддавацца. Ён можа спыніцца толькі тады, калі ўбачыць выбух народнага гневу. А калі не спыніцца, то народ яго знясе, таму што ўжо ўсё. У «единение» можна было гуляць 20 гадоў таму назад. Зараз гэта ўжо не дазволена. Калі 20 гадоў таму, 17 кастрычніка 1999 года, за незалежнасць на Марш Свабоды я вёў 50 тысяч чалавек, я ведаў, што большасць не за намі. Там проста сабраліся мужныя людзі, патрыёты. Напалохалі дыктатара. Ён адступіў тады. Цяпер за нашай спінай — мільёны. Так, многія знявераныя, баяцца, але як толькі ўбачаць надзею ці сур`ёзную пагрозу, яны падымуцца.

— Ці дастаткова толькі пікетаў і мітынгаў, каб не дапусціць анексіі Беларусі?

— Не, трэба, каб на вуліцу выйшла 3% насельніцтва — тады ўлада мяняецца. Гэта сусветны досвед. Але каб людзі выйшлі, ім трэба даць крыху смеласці. Гэта магчыма толькі праз асабісты прыклад. Таму я і заклікаю людзей не баяцца і быць рашучымі ў сваіх дзеяннях. Таму прыязджаю да іх і голасна называю рэчы сваімі імёнамі. Я ведаю, якія працэсы пачынаюцца ў раённых гарадах пасля майго прыезду.

— Дзе заканчваецца пачуццё патрыятызму, маральнага абавязку і пачынаецца самазахаванне жыцця?

— Кожны гэта для сябе вырашае сам. Я зрабіў свой выбар.

— Наколькі апраўданай з`яўляецца засцярога, што Расія анексуе Беларусь?

— Пагроза вельмі сур`ёзная. Лукашэнка набраў у Масквы дзясяткі мільярдаў даляраў крэдытаў за абяцанне інтэграцыі. Па паняццях крымінальных, якія падзяляюць многія ў расійскім кіраўніцтве, яны абавязаны, справа гонару, купленае ўзяць з яго. Гэта сур`ёзная пагроза. Калі будзе новы прэзідэнт з любымі поглядамі, які не браў гэтых грошай, ён можа пачаць з «нуля». Таму Расія спяшаецца даціснуць чалавека, якога яна трымала ва ўладзе.

Калі б не Пуцін, Лукашэнка ўжо даўно зляцеў бы.

МАКСІМ СУДЗІЛОЎСКІ  /  ФОТА АЎТАРА

Газета Слонімская 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *