Мікалай Статкевіч: Кандыдатаў на "вяртанне дамоў" двое — мы і паўночныя вобласці Казахстана.
Мікалай Статкевіч — кандыдат на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, палітвязень, які ўжо 3,5 гады знаходзіцца за кратамі, ацэньвае становішча на постсавецкай прасторы, якое складваецца пасьля гэтак званых «рэфэрэндумаў» ва украінскіх Данецку і Луганску.
Мікалай Статкевіч і раней пісаў пра магчымыя варыянты развіцця падзей ва Украіне.
Пра магчымае развіццё падзей пасля данбаскіх «рэферэндумаў» — працяг тэмы:
«Учора-сёння галоўная навіна па расійскаму TV — данбаскі «рэферэндум» і «ўнікальна вялікая яўка выбаршчыкаў». І гэта — падчас баявых дзеянняў. Усё гэта нагадвае мне анекдот, што завяршаецца словамі ўрача-сэксапатолага: «І ты скажы».
Гледзячы па ўсяму, Масква выбірае ў дачыненні да Украіны стратэгію падтрымання пастаяннага канфлікту ва ўсходніх украінскіх абласцях. Пра хібы гэтай стратэгіі я пісаў раней.
У выніку, з-за іх, у першую чаргу, з-за ўнутрырасійскіх праблемаў, праз 1-2 гады рэйтынг Пуціна ізноў апусціцца. Але ён ужо ведае, як яго падымаць. Думаю, што чарговую аперацыю па пад\’ёму прымяркуюць бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў у Расіі ў сакавіку 2018 года.
Кандыдатаў на «вяртанне дамоў» двое — мы і паўночныя вобласці Казахстана. Але ў Казахстане «элегантнага» далучэння можа не атрымацца — казахі будуць ваяваць. А весці баявыя дзеянні на агромністых стэпавых прасторах доўга, цяжка, накладна і не вельмі «элегантна». Так што, Казахстан могуць пакінуць у спакоі. Калі, безумоўна, там не адбудзецца дэстабілізацыі ў выніку канчыны іхняга правадыра. Аўтарытарныя рэжымы, пры іх знешняй, нібыта, стабільнасці, насамрэч, вельмі нестабільныя. І смерць аўтакрата (натуральная ці не) абрынае іх у хаас. Але, калі Казахстан захавае стабільнасць, то кандыдат на пашырэнне Расіі №1 — мы. Прычым, цалкам. І падрыхтоўка да гэтага, прынамсі, эканамічная, у поўным разгары.»
Мікалай Статкевіч
12.05.2014
Магілёў, турма №4