Мікалай Статкевіч: Міхаілу Жамчужнаму застаецца толькі адно – годна трываць і трымацца
Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра здзекі ў калоніі над палітычным зняволеным Міхаілам Жамчужным.
“Некаторыя супрацоўнікі папраўчых устаноў думаюць, што, калі яны пачнуць прэсаваць “палітычных”, то ім адразу ж свеціць павышэнне па службе”, – кажа палітык.
Беларускі палітвязень Міхаіл Жамчужны пасля выхаду з памяшкання камернага тыпу (ПКТ) працягвае атрымліваць спагнанні ад адміністрацыі Горацкай папраўчай калоніі №9 і знаходзіцца ў ШІЗА. Там ён за час знаходжання ў няволі правёў ужо каля 300 сутак!
– Сітуацыя з Жамчужным – гэта проста здзек над чалавекам, – кажа Мікалай Статкевіч. – Пры гэтым мы бачым абсалютна безпадстаўныя здзекі. Але ж чалавека працягваюць катаваць.
І тут можна адзначыць, што такая тэндэнцыя чамусьці асабліва праследжваецца ў Магілёўскай вобласці. Хаця, як кажуць, інфекцыя распаўсюджваецца і на ўсе астатнія тэрыторыі.
– Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем і знаходзіцца ў цэнтры ўвагі СМІ і грамадскасці. Здаецца, улады наадварот павінны больш лаяльна стаціцца да вязня з такім статусам…
– Я заўважыў, што нават калі вязень афіцыйна не прызнаны палітычным зняволеным, але яго справа лічыцца з палітычным адценнем, то чамусьці персанал папраўчых устаноў пачынае разглядаць яго, як аб’ект для кар’ернага ўзвышэння.
Вось, маўляў, зараз мы яго будзем “ламаць”. А навошта “ламаць”? Дзеля чаго? Гэтымі пытаннямі ўжо ніхто не задаецца. Але некаторыя супрацоўнікі тых самых папраўчых устаноў думаюць, што, калі яны пачнуць прэсаваць палітычных, то ім адразу ж свеціць павышэнне па службе.
– Маеце такія прыклады?
– Начальнік Шклоўскай калоніі пасля таго, як другі раз адправіў мяне ў крытую турму, праз невялікі час пайшоў на кіруючую пасаду ў абласное упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў.
У выніку многія ў калоніях, як з ланцугоў пазрываліся. “Ламаюць” людзей, якія маюць хоць невялікае дачыненне да палітыкі. Прэсуюць Святаслава Барановіча, якога, як вядома, асудзілі за бойку з міліцыяй. Кідаюць у ШІЗА, выносяць пастаянныя спагнанні. Ціск на “палітычных” разглядаецца, як магчымасць выслужыцца. Раней блатных “ламалі”, але такіх ужо вельмі мала засталося. І зараз перакінуліся на “палітычных”. Для іх кар’ерны рост – “ламаць” такіх людзей.
А прызнае праваабарончая супольнасць чалавека палітвязнем альбо не – ад гэтага нічога не залежыць. Маеш хоць невялікае дачыненне да палітыкі? Патрапіў за краты з-за канфлікту з уладай? Рыхтуйся да ціску! Магчыма, гэта нават не зверху ідзе, а ёсць такая мясцовая ініцыятыва.
– Міхаіл Жамчужны правёў у штрафным ізалятары ўжо каля 300 сутак!
– Шрафны ізалятар – гэта і насамрэч катаванні. Чалавек жа сядзіць у замкнёнай прасторы, не выходзіць на свежае паветра, у яго няма самых неабходных рэчаў. Не даюць пасцельную бялізну, матрацаў, ён спіць на голых нарах у вопратцы, якая таксама не цёплая. Там па сутнасці нічога няма. Толькі рушнік, зубная паста… І там чалавека марудна забіваюць. З якой мэтай? Чаму? Мне невядома. Гэтыя людзі, які прэсуюць Жамчужнага, мабыць, не ведаюць, што рана ці позна, але сітуацыя зменіцца. І тады абавязкова прыйдзецца трымаць адказ за ўсё тое, што зрабілі.
Дарэчы, я аднойчы пачуў такое выслоўе ад сядзельца “са стажам”. Ён сказаў так: “Інтылект супрацоўніка папраўчай установы прапарцыйны колькасці насельніцтва бліжэйшага населенага пункта”. Чым меншы населены пункт, тым меншы інтылект”. І мы гэта на самай справе назіраем.
– Што рабіць Жамчужнаму ў такой складанай сітуацыі?
– А што мы ад яго чакаем? Прашэння аб памілаванні? І нават гэта нічога не дасць. Не думаю, што яго адразу пасля гэтага памілуюць і выпусцяць. Міхаілу Жамчужнаму застаецца толькі адно – годна трываць і трымацца.
Безумоўна, шмат што залежыць і ад тых, хто на свабодзе. Я не кажу пра нейкія акцыі салідарнасці, гэта і так павінна быць. Але трэба, каб Беларусь хутчэй стала нармальнай дэмакратычнай краінай. У дэмакратычнай краіне такая б сітуацыя з Жамчужным ніколі б не здарылася.
А зараз мы назіраем проста дзікунскія рэчы! У нас ужо нават не помнікі, а нейкія малыя скульптурныя формы становяцца недатыкальнымі і святымі, і за іх ужо караюць. Кожны дробны чыноўнік альбо сілавік лічыць, што ён таксама мае права на расправу.