Грамадская акцыя

Мікалай Статкевіч: Мы не спынімся, пакуль Беларусь не стане свабоднай

Рэжым слабы, і кампанія за новыя свабодныя выбары будзе доўжыцца.

Пра гэта лідар беларускай апазіцыі, экс-кандыдат у прэзідэнты 2010 года Мікалай Статкевіч заявіў учора, 12 верасня, на акцыі за свабодныя справядлівыя выбары, паведамляе charter97.org.

«Мы – свабодны еўрапейскі народ, але мы чамусьці не маем права выбіраць. Чаму мы церпім, чаму мы не маем права заявіць пра сябе? Сутнасць «выбараў» у Беларусі не мяняецца шмат гадоў – адзін і той жа чалавек арганізоўвае рытуал з прызначэннем 110 халуёў. Калі прыцісне – гэты чалавек без згрызот сумлення прадасць нас за некалькі мільярдаў і ўцячэ ў Венесуэлу! Таму сёння мы пачынаем кампанію для вяртання свабодных выбараў», – звярнуўся Статкевіч да беларусаў, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу на пачатку акцыі.

Апазіцыя правяла акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Каментуючы прызначэнне ў «палатку» Ганны Канапацкай і Алены Анісім, лідар апазіцыі адзначыў:«Гэта прызначэнне гаворыць толькі пра слабасць рэжыму Лукашэнкі, які вымушаны падлашчвацца з Захадам. «Выбараў» не было, быў фарс. Мы патрабуем новых свабодных выбараў, пакуль рэжым не прадаў нашу незалежнасць і не загнаў краіну ў галечу. Гэта будзе не адзіная наша акцыя. Гэта пачатак палітычнай кампаніі. Рэжым будзе слабець, і ў нас цяпер як ніколі ёсць рэальная магчымасць прымусіць яго пайсці на правядзенне свабодных выбараў на нашых умовах».

Апазіцыя правяла акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў

ФОТА: TUT.BY

Пасля шэсця з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасці Мікалай Статкевіч заявіў: «Мы прайшлі шэсцем, каб усе ўбачылі, што мы не баімся і што мы не згодныя з тым, што робіцца. Улады прызначылі халуёў і мы гаворым ім – «Ганьба!» Мы сёння пачалі нашу кампанію за сапраўдныя выбары. Пасля ўсяго гэтага фарсу і тэатра кабукі ад улад мы не спынімся. Гэта толькі наша першая акцыя. Дзякуй вам, хто прыйшоў! Мы зноў выйдзем на вуліцы і будзем выходзіць, пакуль наша краіна не стане вольнай!»

Апазіцыя правяла акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў

ФОТА: TUT.BY

Пасля заканчэння акцыі Мікалай Статкевіч паведаміў журналістам, што дата і фармат новай акцыі за свабодныя справядлівыя выбары будзе вызначана найбліжэйшым часам Радай беларускага нацыянальнага кангрэса.