Статкевіч: На акцыі 12 верасня мы абаранілі сваю годнасць

Адзін з лідараў апазіцыі падзякаваў удзельнікам учарашняй акцыі за свабодныя і справядлівыя выбары.

«Памятаю, калі сядзеў у следчым ізалятары КДБ, следчы зноў пачаў пераконваць даць сведчанні. Спасылаўся на астатніх, якія нібыта «канструктыўна супрацоўнічаюць». Я адказаў словамі з Бібліі, што «кожны ўратуецца сам». Следчы радасна закрычаў, што і мне трэба ратаваць сябе. Сказаў яму: «Я пра душу, пра сумленне. А вы пра што?».

Сапраўды, чалавек не ў стане выратаваць чужую душу, захаваць чужую сумленне. Але нават адзін годны чалавек здольны вярнуць пачуццё годнасці запалоханаму і абыякаваму грамадству. Тым больш, калі такіх людзей 500.

Дзякуй усім, хто прыйшоў учора на акцыю за сапраўдныя выбары. Гэта трэба было зрабіць», – напісаў у «Фэйсбуку» Мікалай Статкевіч.