Мікалай Статкевіч: Мяне спрабавалі ўгаварыць адмовіцца ад адзіночкі

Палітвязень асцерагаецца магчымай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі пасля «выбараў».

Пра гэта Мікалай Статкевіч паведаміў у сваім чарговым лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча, піша сайт ПЦ «Вясна» (13 чэрвеня 2015 г.).

«Калі ўжо казаць пра тыя выбары і падрыхтоўку да іх дэмакратычных сіл, то сітуацыя выглядае сумнай. Становіцца рэальнай перспектыва міжнароднай легітымізацыі. Для гэтага цяпер досыць прадэманстраваць толькі «прыкметны прагрэс», – адзначае ён. – Гэта значыць, паставіць меншы адсотак і праігнараваць магчымую акцыю пратэсту. Калі яна будзе. Карацей кажучы, план, які рыхтаваўся ў 2010 годзе, але быў сарваны, цяпер мае добрыя шанцы. Супрацьстаяць яму ніхто з кандыдатаў і не збіраецца. Ды і адгаворка ёсць – Расея».

Мікалай Статкевіч піша, што «газеты да мяне сталі даходзіць толькі два апошнія тыдні, і то не ўсе выпісаныя», а таксама адзначае, што ў яго ўсё нармальна, і ён адчувае сябе добра.

«Тут усе спрабавалі ўгаварыць мяне адмовіцца ад адзіночкі. Ну калі так неабходна ведаць мае думкі, то проста трэба даваць тэлефанаваць блізкім і не забіраць лісты да мяне, каб я часцей перапісваўся. І будзе ім шчасце», – з гумарам адзначае палітвязень.