Мікалай Статкевіч: "На наступным тыдні будзе яшчэ адна гадавіна…"
“…Ты ведаеш, што на наступным тыдні будзе яшчэ адна гадавіна. — піша палітвязень Мікалай Статкевіч у лісце жонцы, адпраўленым напярэдадні 19 снежня, калі споўнілася два гады з часу Плошчы-2010. – Мне не сорамна за той дзень. Аднаго не магу дараваць сабе – дазволіў тады завезці сябе ў тую пастку…”
У лісце Мікалай Статкевіч звяртаецца да падзей, якія папярэднічалі Плошчы і, практычна, перадвызначылі яе вынікі, зрабілі іх прадказальна брутальнымі – напада на калону, якая рушыла з офісу кампаніі “Гавары праўду”, і прычынаў, з якіх ён там апынуўся.
Аднаўляючы падзеі дзьвухгадовай даўніны, палітвязень піша, што калі калона выйшла з офіса Някляева, і ён “убачыў іхні бусік з гукаапаратурай, які яны збіраліся “правесці” на плошчу сілком, то адразу зразумеў, чым гэта скончыцца. Трэба было б адразу ўцякаць адтуль, бо павінен быў быць абавязкова там, куды пазваў людзей. Але гэтыя дзеці так абрадаваліся мне, што пайду разам з імі, што не здолеў кінуць іх”.
Далей падзеі, як гэта добра вядома, разгортваліся імкліва. “Але ж і часу на сумненні не было, бо тыя ўсё ведалі загадзя і не далі прайсці і 10 метраў. Праўда, далей, здаецца, памылак не рабіў, бо працавалі ўжо інкстынкты. Адразу закрыў спіну, стаўшы да “праваахоўнай” машыны, правільна ўдарыў, правільна прымаў удары. Каб хоць адзін прапусціў, то, гледзячы па стану прадплеччаў, якімі блакаваў удары дубін пад вострым вуглом, ужо нікуды б не дайшоў. Правільна таксама, што не здолеў ударыць “маску”, што поўз да мяне, бо не лічыў за ворага і баяўся біць нагой у галаву. А галоўнае, што чэрап аказаўся моцным (вынік 600-гадовага адбору ) і адна нага ацалела, што дазволіла дайсці”
У лісце прагучала пытанне, на якое, на жаль, дагэтуль няма адказу: ці ўсведамляла каманда Някляева, “робячы гэты сілавы выклік ці сілавую правакацыю” (спробу даставіць апаратуру на Плошчу, забяспечыўшы яе “жывым шчытом”, рэд.), “што яна непазбежна выкліча ў нашых варунках тую рэакцыю, якая і атрымалася, ці не?”
Ад рэдакцыі: У гэтыя снежаньскія дні ў грамадстве ізноў узнікаюць спробы асэнсаваць падзеі двухгадовай даўніны, каб не паўтараць памылкі ў будучым. Усе астатнія ўдзельнікі той кампаніі, акрамя Мікалая Статкевіча, зараз на волі. Але, на жаль, мы ўсё яшчэ чакаем агульнай размовы, “працы над памылкамі”. Спадзяемся, што да яе здолее далучыцца і Мікалай Статкевіч