Мікалай Статкевіч жартуе адносна абвешчанай мадэрнізацыіі

Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, з ягонага апошняга ліста працытавала жарт мужа пра мадэрнізацыю. Палітык высьмеяў захады, праз якія кіраўніцтва Беларусі змагаецца за мадэрнізацыю прадпрыемстваў, у прыватнасьці заводаў дрэваапрацоўчай галіны.

“Чую зараз па радыё пра барацьбу за мадэрнізацыю і чарговых ахвяраў гэтай барацьбы. Я дык бачу толькі адзін шлях падвышэньня канкурэнтназдольнасьці нашых прадпрыемстваў, калі не разглядаць зьмены ў сыстэме ўласнасьці. Трэба ўвесьці крымінальную адказнасьць для беларускіх спажыўцоў за тое, што не набываюць беларускія тавары. І ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, але пажадана і ў Эўропе. Ну і, канешне, паставіў смайлік — усьмешку”.

Ці вядома ёй што пра тое, ці цёпла ў камэры Статкевіча?

“Вось як раз напісаў у гэтым лісьце, што нармальна. “Зараз на вуліцы пахаладала, ўвогуле тут заўсёды халадней, чым ў Менску”. Спадзяюся, што так і ёсьць. Гэта ў папярэдняй камэры было нават ў кастрычніку холадна, там бэтонная падлога, камэра аказалася транзытнай. Калі ён мяне не супакойвае, то, спадзяюся, гэтая камэра сапраўды цяплейшая”.

Мікалай Статкевіч адбывае 6 гадоў зьняволеньня за Плошчу ў Магілёўскай турме. Як нібыта злоснага парушальніка рэжыму палітвязьня зьмясьцілі ў крытую магілёўскую турму.

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода