Мікалай Статкевіч на волі

Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч 4 ліпеня каля 18 гадзін быў нечакана адпушчаны на свабоду.

Статкевіч быў затрыманы 3 ліпеня каля свайго дома, калі накіроўваўся на „Акцыю вызвалення і салідарнасці”. Ноч ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Затрыманне палітыку патлумачылі неабходнасцю дасядзець 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у адной з восеньскіх акцый 2017 года. 25 сакавіка гэтага года Статкевіча ўжо змяшчалі ў ЦІП па гэтым абвінавачанні, аднак у той жа дзень адпусцілі — пасля заканчэння ў Менску мерапрыемстваў да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

4 ліпеня суд Першамайскага раёна Менска аштрафаваў Статкевіча на 40 базавых велічынь (980 рублёў) за заклікі прыняць удзел у несанкцыянаванай „Акцыі вызвалення і салідарнасці”, якая прайшла 3 ліпеня на бульвары Талбухіна ў Менску.

Дастаўлены ў суд Статкевіч заявіў, што не хоча ўдзельнічаць у гэтым спектаклі, і суд праходзіў без яго.

Меркавалася, што палітыка зноў адвязуць у ЦІП. Ён паведаміў БелаПАН, што з суда яго даставілі ў Першамайскае РУУС, дзе ён даведаўся пра штраф пасля ўручэння яму пастановы суда. Затым яго адпусцілі.

Такія дзеянні ўлад Статкевіч патлумачыў іх страхам і слабасцю.

„Адзінае, чаго баіцца рэжым, — гэта масавых вулічных пратэстаў у сталіцы. Гэты страх змушае яго гіпербалізавана рэагаваць на любыя праявы грамадзянскай актыўнасці. Нават на такое, як ўскладанне кветак на магілы савецкіх салдат”, — лічыць суразмоўца.

Слабасць рэжыму Статкевіч тлумачыць тым, што адна яго рука ад страху пратэстаў разганяе вулічныя акцыі, а іншая, якая хоча дыялогу з Захадам і крэдытаў ад яго, — робіць пэўныя паслабленьні.

Статкевіч адзначыў, што 3 ліпеня планавалася ўскладанне кветак да магілы савецкіх салдат на бульвары Талбухіна і да памятнага знака ахвярам палітычных рэпрэсій у парку Чалюскінцаў. Масавымі затрыманнямі (каля 30 чалавек) рэжым, адзначыў палітык, „прадэманстраваў сваё стаўленне да мінулай вайны, не даўшы нават ускласці кветкі”.

Беларускае радыё Рацыя паводле belapan.by