Мікалай Статкевіч: Не ўдзельнічайце ў гэтым шоў

Беларусы праігнаруюць выбарчы фарс, упэўнены лідар апазіцыі.

Былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч праз сайт charter97.org звярнуўся да беларусаў з заклікам не ўдзельнічаць у выбарчым фарсе, арганізаваным уладамі.

– Вынік гэтага спектакля загадзя наканаваны. Ва ўчастковых выбарчых камісіях менш за адзін працэнт прадстаўнікоў апазіцыі, а ўсе астатнія – стаўленікі дыктатара. Гэта даказвае, што на самой справе ніякіх выбараў няма.

Кандыдаты, якія ўдзельнічаюць у гэтым фарсе – несапраўдныя. Гэта ўжо бачна праз тое, як яны адрэагавалі на 0,06 адсотка апазіцыі ў выбаркамах і незаконнае датэрміновае галасаванне. Сапраўдны кандыдат паклікаў бы людзей на Плошчу спыніць фальсіфікацыі, а гэтыя – проста зазывалы, задача якіх зацягнуць людзей на псеўдавыбары.

Лукашэнку неабходная легітымізацыя, ён хоча ездзіць са сваёй світай па Еўропе і атрымліваць крэдыты на Захадзе. Але гэтыя грошы яму патрэбныя не для правядзення рэформаў у стратнай эканоміцы – яны яму патрэбныя, каб утрымліваць самую вялікую паліцыю ў свеце, восем спецслужбаў, каб працягваць усё кантраляваць. А аддаваць гэтыя крэдыты будзем мы і нашы дзеці.

Але калі ўчасткі пустыя – то ўвесь план Лукашэнка, які так старанна рыхтавалі, разбураецца. Мы не можам палічыць бюлетэні на гэтых выбарах, але мы можам палічыць, колькі прыйшло людзей. Упэўнены, беларусы праігнаруюць гэты фарс. Займіцеся іншай, больш годнай справай – не бярыце ўдзелу ў гэтым шоў і тэатры.

У кожнага з вас ёсць сям\’я – надайце час блізкім. Вы здольныя зламаць сцэнар Лукашэнкі адным нават не дзеяннем, бяздзейнасцю – проста не прыходзячы на гэтыя ўчасткі.

Я прыхільнік мірных пераменаў. Дзясяткі тысяч мужных свабодных людзей выходзілі на вуліцы Менска і паказвалі, што яны не баяцца, што ў беларусаў ёсць годнасць. Мы хочам быць свабоднымі і мець нармальныя выбары.

Хартыя\’97