Актуальна

Мікалай Статкевіч: Небяспечная сацыялогія

Дадзеныя сакавіцкага сацыялагічнага апытання НІСЭПД не выклікалі аптымізму ў дэмакратычнай часткі беларускага грамадства. На тле сучаснай расійскай агрэсіі ва Ўкраіне, яны спарадзілі перасцярогу і песэмізм аб гатоўнасці беларусай бараніць незалежнасць краіны.

Па іншаму на гэту публікацыю глядзіць Мікалай Статкевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітвязень, які правёў за кратамі ўжо амаль 1600 дзён. Ён лічыць такую інтэрпрэтацыю вынікаў апытання “небяспечнай сацыялагічнай маніпуляцыяй”:

“У нумары “БР” ад 06.04.2015 сутыкнуўся з прыкладам небяспечнай сацыялагічнай маніпуляцыі. Маю на ўвазе друкаванне вынікаў сацыялагічнага апытання НІСЭПД. У прыватнасці, адказаў беларусаў аб іх рэакцыі на мажлівую расійскую агрэсію. Згодна з надрукаванымі дадзенымі, 47,1% рэспандэнтаў будуць імкнуцца прыстасавацца, 18,7% – супраціўляцца са зброяй у руках, а 15% – вітаць агрэсараў.

Але публікацыя такіх дадзеных была б карэктнай толькі з улікам гендэрнага фактару. Бо ў нашым традыцыйным грамадстве мала хто льчыць жанчыну са зброяй у руках нармальнай з\’явай. Да таго ж, жанчын у нас у войска ці на вайсковыя зборы не бяруць. Таму лёгка здагадацца, што адказ “супраціўляцца са зброяй” давалі амаль адны здаровыя мужчыны. Жанчыны ж, якія гатовыя падтрымоўваць супраціў, не маючы такога варыянту адказу, мусілі абіраць варыянт “прыстасоўвацца”.

Улічваючы, што мужчын у нашай краіне крыху меньш, чым жанчын, можна меркаваць, што прыблізна 35% з іх гатовы супраціўляцца расійскай агрэсіі са зброяй. Колькасць жа калабарантаў сярод мужчынаў таксама застанецца прыблізна 15%, бо вітанне агрэсіі – гэта дзеянне пасіўнае, аднолькава даступнае абодвум палам.

Не стаў бы акцэнтаваць увагу на гэтай маніпуляцыі, каб не яе відавочная небяспека. Бо такая “сацыялогія” можа справакаваць рэальную агрэсію.”