Мікалай Статкевіч: Нельга байкатаваць тое, чаго няма

Палітык Мікалай Статкевіч распавёў пра тое, як прайграўшым на выбарах у мясцовыя саветы кандыдатам ад апазіцыі варта было б завяршыць сваю кампанію.

Мікалай Статкевіч: Думаю, тэма мясцовых выбараў нават не заслугоўвае абмеркавання. Так яно ўспрымаецца і ў грамадстве. Я памятаю часы, калі, напрыклад, напачатку 2000-х галасы яшчэ лічылі, і людзі верылі, што іх голас сапраўды будзе ўлічаны. Дарэчы, тады ў апазіцыі і ўзнік канфлікт наконт байкоту выбараў. Але які там байкот, калі можна было “падкруціць” яўку выбарцаў? Іншая справа, што тады шанцы ў кандыдатаў усё-такі былі, нягледзячы на ўсе фальсіфікацыі.

Зараз сітуацыя зусім іншая. І гэтыя мясцовыя саветы нічога не вырашаюць, і галасы не лічаць, і людзі не вераць уладзе. Але і байкот аб’явіць немагчыма, бо нельга байкатаваць тое, чаго няма. У нас шмат маладых сябраў партыі, і мы не пярэчылі, каб яны паспрабавалі сілы падчас гэтых выбараў, павучыліся. Гэта самы лепшы спосаб навучання.

РР: Адным словам, у вас былі свае аргументы на карысць удзелу ў выбарах.

Мікалай Статкевіч: Можна было б удзельнічаць і выйсці з кампаніі годна. Але тут ёсць два моманты. Па-першае, кандыдат павінен быў мець матывацыю, каб кампанія была актыўнай, хаця многія проста адбывалі нумар. Нават улётак у многіх не было. А калі нехта і правёў добрую кампанію, то потым кандыдату ставілі ганебны вынік. І атрымліваецца, што ўсё, што ён зарабіў на свой аўтарытэт, у момант скасавалася. Таму, каб у такіх выпадках кампанія давала плюсы, яе трэба годна закрыць двумя спосабамі. Альбо пасля заканчэння выбараў правесці яшчэ адну кампанію – кінуць улёткі ды патлумачыць людзям, чаму ён праграў, і як яго “выкінулі” за барацьбы. Альбо выйсці на вуліцу і патлумачыць там свайму электарату сваё паражэнне. Калі ж няма ні таго, ні другога, то атрымліваецца, што кандыдаты выканалі ролю марыянетак.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/mikalaj-statkevich-nelga-bajkatavats/