Мікалай Статкевіч пра Лукашэнку: Састарэлы Атэла з дрыготкімі рукамі

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў пра ступень напалоханасці беларускага народу, пра акцыю апазіцыі на плошчы Свабоды, а таксама выказаўся наконт прамовы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў ААН – усё гэта ў інтэрв\’ю журналіста Belsat.eu Яўгена Балінскага.

«Спрабуем паменшыць узровень страху»

– Пасля свайго вызвалення Вы сказалі, што чакалі ўбачыць« запалоханую краіну, а тут усё лепш, чым было». Нядаўна ж у «Фэйсбуку» Вы напісалі: «Краіна выглядае больш запалоханай, чым была да майго арышту». Чаму за месяц меркаванне змянілася?

– Я гаварыў пра два розныя выпадкі: я распавядаў пра тое, наколькі запалоханыя людзі ехалі ў гэтым аўтобусе разам са мной, але ёсць меншасць, якой надакучыла баяцца. Па сутнасці ж, грамадства запалоханае. І цяпер мы спрабуем паменшыць узровень страху. І мы бачым, што паступова ён памяншаецца – ужо незалежна ад нас прайшоў пікет пенсіянераў на той жа плошчы Свабоды.

Глядзіце таксама >>> Статкевіч: Можам пачувацца бяспечна, калі Пуцін не прывязе аўтобусамі «тыпу беларусаў»

– Як змянілася колькасць тых, каму надакучыла баяцца за пяць гадоў Вашага заключэння?

– Я не ведаю, але я ўвесь час сутыкаюся з тым, што ў Менску людзі да мяне падыходзяць, дзякуюць, віншуюць. Трэба мець нейкую смеласць, каб падысці да такога страшнага чалавеку (смяецца). А ўчора хадзілі з жонкай у тэатр, і там некаторыя людзі падняліся, і пачалі вітаць апладысментамі. Усё ж такі, сёння гэтыя моманты больш прыкметныя, чымся пяць гадоў таму назад.

– Тысяча чалавек, якія прыйшлі на мітынг апазіцыі 23 верасня – гэта шмат ці мала?

– Для пачатку – нармальна. Перад акцыяй 10 верасня мае калегі прагназавалі чалавек 30 максімум – прыйшло ў некалькі разоў больш. На гэтай акцыі думалі, што пад тысячу прыйдзе – так і атрымалася. Нехта пісаў пра дзве сотні тых, хто сабраўся, і гэта таксама праўда, бо на 18:00 столькі і было – беларусы спачатку чакаюць, маўляў, ага, а хто там будзе, а потым выходзяць. Я думаю, колькасць людзей на акцыях будзе расці, і цяпер гэта ўжо праблема для ўлады, як гэта спыняць.

Глядзіце яшчэ >>> Мікалай Статкевіч: пяць гадоў турмы, а выглядаю як гурок, бо страху няма і сумленне чыстае

«Простыя словы, простыя рэчы»

– «Я адчуваў, што маё заключэнне дапамагае Беларусі. Цяпер жа трэба думаць, як дапамагчы краіне па-новаму», – сказалі Вы, апынуўшыся на свабодзе. З гэтага выказванне складваецца ўражанне, што за пяць гадоў зняволення Вы не вызначыліся, як дапамагчы краіне?

– Безумоўна, цяпер я раблю рэчы вельмі простыя і зразумелыя. Выбары скончыліся для мяне вельмі даўно, яшчэ на этапе фармавання спісу кандыдатаў, але гэтую кампанію мы выкарыстоўваем для стварэння плацдарму на будучую барацьбу.

Нам вельмі патрэбныя дэмакратычныя выбары, каб не было канфліктаў у грамадстве, якімі могуць скарыстацца трэція сілы, такія, як Расея, напрыклад. Трэба, каб быў нармальны парламент з прадстаўнікамі і еўрапейскага, і «расейскага» светаў, і яшчэ якога-небудзь, каб шукалі кампрамісы, і мы пазбеглі канфліктаў. А зараз – плацдарм. Спачатку ў галовах людзей – больш смеласці і магчымасцяў для выражэння грамадзянскай пазіцыі, вярнуць масавыя акцыі. Таксама трэба перашкодзіць уладам стварыць «фэйкавую» апазіцыю – гэта ўжо не першая спроба, якая бліжэй за ўсіх да поспеху. Цяпер мы ўсім гэтым і займаемся.

Безумоўна, усё гэта падрыхтоўчая праца, сапраўдная ж пачнецца потым. Яна будзе заключацца ў большым аб’яднанні дэмакратычных сіл, у прыцягненні новых людзей, якім мы будзем прапаноўваць нейкія задачы. Беларусам трэба самім думаць, як фармаваць свой шлях да нармальнай Беларусі – на замежных дзядзькоў спадзявацца не прыходзіцца.

Глядзіце яшчэ >>> Мікалай Статкевіч: Лукашэнка як заўсёды прамаўчыць, альбо накіруе сваіх здаравікоў з дубінкамі

Састарэлы Атэла

– Цяпер не так шмат людзей выходзіць на акцыі апазіцыі. Чаго тут больш – процідзеяння з боку ўладаў ці непрывабнасць і памылковасць дзеянняў апазіцыі?

– Галоўнае – страх. Другое тое, што беларусы – вельмі практычныя людзі, яны ўсё разглядаюць з пазіцыі мэты і прыдатнасці. У 2010 годзе на сустрэчы з кандыдатамі на прэзідэнцтва на Кастрычніцкай плошчы перад выбарамі прыйшло 1000 чалавек. А цяпер няма кандыдата, які абвясціў б рэальную барацьбу за перамогу. Тым не менш, да нас людзі выйшлі, і будуць выходзіць больш. Галоўнае, што мы зноў вяртаемся да публічнай праявы грамадзянскай актыўнасці – за пяць гадоў не было ніводнага мітынгу дэмакратычных сіл.

– Дарэчы, а чаму? Выйшаў Статкевіч – пайшлі акцыі. Без Статкевіча ўсё мёртва?

– Я не ведаю (смяецца), не магу ацэньваць тое, што тут было ці не было пяць гадоў – я ж толькі па некалькіх газетах меркаваць мог, а гэта цяжкавата.

– Вы ў курсе абвінаваўчых прамоваў Аляксандра Лукашэнкі ў ААН пра «укрыжаванага Кадафі і забітага Хусейна»?

– Не ведаю, не сачыў, не цікава.

– Чаму?

– Ну, слухайце, каму гэта ўжо цікава? На сцэне састарэлы Атэла дрыготкімі рукамі штодзённа душыў сваю Дэздэмону, як гаворыцца, чаго там ужо цікавага або новага чакаць? На імперыялізм там ціснуў, каб якая-небудзь Венесуэла нафтадолараў падкінула?

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu